Пятніца, 05 Студзень 2018

На рэканструкцыю вуліцы Леніна і пашырэньне могілак “Копці”. Куды пойдуць бюджэтныя грошы ў 2018-м?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віцебскі гарсавет зацьвердзіў інвэстыцыйную праграму гораду Віцебску на 2018 год. Рашэньне аб зацьверджаньні апублікаванае 4 студзеня. Праграма прадугледжвае выдаткаваньне з гарадзкога бюджэту  33 млн. 640 тыс. рублёў на будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў камунальнай уласнасьці. Куды пойдуць грошы?

Найбольш – на аб’екты аховы здароўя

Згодна з праграмай інвэстыцыяў, больш за ўсё сродкаў будзе ўкладзена ў аб’екты галіны аховы здароўя – 21 млн. 450 тыс. рублёў. На аб’екты ЖКГ (“Жыльлёва-камунальныя паслугі і жыльлёвае будаўніцтва”) накіруюць больш за 8 млн. 180 тыс. рублёў. На аб’екты адукацыі – 3 млн. рублёў. На аб’екты галіны “Культура” – крыху больш за 1 млн. рублёў.

Да дакумэнту прыкладаецца пералік аб’ектаў, праектаваньне, будаўніцтва, мадэрнізацыю і рэканструкцыю якіх плянуецца ў 2018 годзе ажыцьцявіць за кошт сродкаў гарадзкога бюджэту ды іншых крыніц фінансаваньня, прадугледжаных для рэалізацыі праграмы.

Помнік Вользе – у сьпісе. Палацу шлюбаў – няма

Сьпіс складаецца з 31 пункту. У ім фігуруе капрамонт вуліцы Леніна з разьмяшчэньнем помніка заснавальніцы гораду – роўнаапостальнай княгіні Вользе. Нагадаем, што раней улады запэўнівалі, што будаўніцтва помніка плянуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў.

У пераліку таксама палігон цьвёрдых бытавых адкідаў для г. Віцебску і віцебскі заапарк. Але няма Палацу шлюбаў, супраць будаўніцтва якога выступала грамадзтва.

12 важных аб’ектаў. Чаго няма?..

Адзначым дванаццаць, на наш погляд, найбольш значных аб’ектаў, куды ўлады мяркуюць інвэставаць сёлета бюджэтныя сродкі.

  1. Умацаваньне правага берагу ракі Заходняя Дзьвіна на ўчастку ад моста імя Блахіна да моста імя Кірава.
  2. Інжынэрна-транспартная інфраструктура жылога раёну Білева. Рэканструкцыя Маскоўскага праспэкту.
  3. Будаўніцтва 4-й і 5-й чэргаў могілак “Копці” Віцебскага раёну.
  4. Лазьнева-аздараўляльны комплекс па вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў.
  5. Капітальны рамонт вул. Леніна з прылеглай тэрыторыяй у г. Віцебску. Добраўпарадкаваньне тэрыторыі для разьмяшчэньня помніку заснавальніцы гораду – роўнаапостальнай княгіні Вользе. Карэктыроўка.
  6. Палігон цьвёрдых бытавых адкідаў для г. Віцебску (ІІ чарга будаўніцтва)
  7. Паліклініка ў мікрараёне Юг-7 у Віцебску.
  8. Заалягічны парк г. Віцебску.
  9. Рэканструкцыя тэнісных кортаў у Летнім амфітэатры.
  10. Дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў мікрараёнах Білева-2 і Білева-3.
  11. Школа на 1020 вучняў у мікрараёне Білева-2.
  12. Рэканструкцыя будынку Віцебскага станка-інструментальнага тэхнікуму па вул. Палітэхнічнай, 2 пад гімназію №1.

Згодна з рашэньнем Савету дэпутатаў, разьмяркоўваць аб’ёмы капітальных укладаньняў па пераліку аб’ектаў будзе Віцебскі гарвыканкам. Ён жа будзе мець права ўносіць зьмены ў разьмеркаваньне сродкаў.

Зьміцер Міраш