Чацвер, 09 Жнівень 2018

Колькі зь 1 верасьня будзе каштаваць навучаньне ў віцебскіх ВНУ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Зь 1 верасьня зноў падвышаюцца кошты на навучаньне ў вышэйшых навучальных установах для студэнтаў-платнікаў. Гэтак, віцебскія ВНУ падвысілі гадавы кошт навучаньня ў сярэднім на 300-400 рублёў.

Папярэднія зьмены тарыфаў для студэнтаў, якія вучыліся на платнай аснове, адбыліся ў лютым-сакавіку 2018 году. Але ўжо ў сярэдзіне ліпеня рэктары навучальных устаноў зацьвердзілі новыя кошты, якія будуць дзейнічаць у навучальным годзе 2018-2019.

Цяпер за навучаньне давядзецца плаціць прыкладна на 300-400 рублёў штогод больш.

Амаль $1,5 тыс. на юрфаку

Прыкладам, студэнты-першакурсьнікі юрыдычнага факультэту ВДУ імя Машэрава мусяць заплаціць цяпер за год навучаньня 2920 рублёў ($1452). На ўсіх астатніх факультэтах ВДУ гадавы кошт навучаньня складае 2611 рублёў ($1298).

У мінулым навучальным годзе студэнты ВДУ плацілі 2270 рублёў, то бок навучаньне падаражэла амаль на 350 рублёў.

Што тычыцца студэнтаў-завочнікаў, то зь 1 верасьня яны будуць плаціць за год навучаньня 953 рублі (раней – 821 рубель).

У ВДТУ крыху таньней

Крыху таньней абыдзецца вучоба ў Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Першакурсьнікі, якія паступілі на дызайнэрскія спэцыяльнасьці, будуць плаціць  2600 рублёў ($1292). Гэта на 300 рублёў даражэй за кошт мінулага навучальнага году.

Кошт навучаньня на тэхнічных і эканамічных спэцыяльнасьцях складае цяпер 2298 рублёў ($1142). Студэнты-завочнікі ўсіх факультэтаў ВДТУ будуць плаціць штогод 992 рублі.

Які факультэт самы дарагі

Найдаражэй у Віцебску будзе вучыцца на стаматалягічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсітэту. Гадавы кошт навучаньня на 1-м курсе складае тут 3157 рублёў ($1569). Таньней абыдзецца вучоба на лекарскім і фармацэўтычным (2737 рублёў) факультэтах ВДМУ. Завочнае навучаньне (фармацэўтычны факультэт)  будзе каштаваць 1085 рублёў за год.

Нарэшце, самыя “дэмакратычныя” кошты былі зацьверджаныя ў Полацкім дзяржунівэрсытэце. Але таксама немалыя, бо перавалілі ўжо за 1100 даляраў. Гадавое навучаньне на ўсіх факультэтах ПДУ абыдзецца 2 350 рублёў ($1168), для завочнікаў – 1000 рублёў.

Калі дапусьціць, што кошты на навучаньне для “платнікаў” ня будуць зьмяняцца цягам тэрміну іх навучаньня (што малаверагодна), то на сёньня, напрыклад, студэнты-юрысты ВДУ імя Машэрава мусілі б заплаціць за 4 гады навучаньня суму роўную 5 тыс. 047 даляраў, а студэнты астатніх факультэтаў ВДУ – 4 тыс. 620 даляраў.

А, прыкладам, студэнты-стаматолягі ў ВДМУ за пяць гадоў навучаньня мусілі б заплаціць 7 тыс. 707 даляраў.

Зьміцер Міраш