Гэтак, цягам лета 2021 году кіраўніцтва Наваполацкага гарвыканкаму ініцыявала збор подпісаў сярод працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў за адмену ўведзеных санкцый. Пад гэтай ініцыятывай падпісалася амаль 16 тысяч жыхароў горада. Чыноўнікам з выканкаму ўдалося знайсці і пераканаць 120 чалавек, каб тыя запісалі і выставілі ў інтэрнэт відэазвароты супраць эканамічнага «задушэння беларускай прамысловасці».
У залік мясцовым уладам можна запісаць зварот работнікаў «Нафтану» да Кангрэсу, Міністэрства фінансаў і Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША з патрабаваннем спынення санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Гэтую петыцыю падпісала амаль 6 тысяч чалавек.
Дэпутаты Наваполацкага гарадскога Савету вырашылі змагацца за адмену санкцый іншым спосабам. Напачатку ліпеня 2021 году кіраўніцтва гарсавету накіравала зварот гарадам-пабрацімам Наваполацку. Зварот даслалі да кіраўніцтва гарадоў Скадоўск (Украіна), Мажэйкяй (Літва), Лудза і Вентспілс (Латвія), Плоцк і Астравец-Свентакшыскі (Польшча). У ім утрымліваўся заклік зрабіць усё магчымае для захавання міру і згоды паміж гарадамі і краінамі, да ўзаемнай павагі суверэнітэту і незалежнасці дзяржаваў.
З шасці гарадоў-адрасатаў адказалі толькі ўлады латвійскага Вентспілса. Кіраўніцтва гэтага горада з разуменнем аднеслася да заклапочанасці депутацкага корпусу магчымымі негатыўнымі наступствамі санкцый і выказала «шчырую падтрымку» беларусам і ўласна Наваполацку.
Віталь Кажух