Пятніца, 11 Лістапад 2022

Улады аб'явілі аб спыненні з Латвіяй інвестыцыйнага ўзаемадзеяння

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Наваполацкі гарвыканкам афіцыйна паведаміў аб тым, што з 18 кастрычніка 2023 года страціць сілу Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Латвійскай Рэспублікі аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый. Для жыхароў Віцебскай вобласці гэта дрэнная навіна, бо колькасць інвестараў і якасць інвестыцый у рэгіянальную эканоміку ў значнай меры зменшыцца. 

Да пачатку вайны ва Украіне і па гэтай прычыне ўвядзення эканамічных санкцый з боку латвійскага ўрада адносна Беларусі, у паўночным рэгіёне латышамі былі зарэгістраваны 90 арганізацый у сферы гандлю, дрэваапрацоўкі, аказання аўтатранспартных паслуг, паслуг па пашыву адзення, вытворчасці пластмасавых вырабаў. 

Паміж раёнамі і гарадамі Віцебскай вобласці і самакіраваннямі Латвіі заключаны 33 пагадненні аб супрацоўніцтве. На тэрыторыі вобласці было арганізавана 17 трансгранічных турыстычных маршрутаў з Латвіяй, 14 з якіх распрацаваны па праектах міжнароднай дапамогі. 

Больш за 25 гадоў дзейнічала буйное грамадскае аб'яднанне мясцовых органаў кіравання - еўрарэгіён "Азёрны край". У яго ўваходзіла 37 самакіраванняў Віцебскай вобласці, Латвіі і Літвы. Аб'яднанне з'яўлялася асновай для падрыхтоўкі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва па праграме "Літва-Латвія-Беларусь", на фінансаванне якіх у 2014-2020 гадах Еўрасаюзам было выдзелена больш за 120 млн. еўра. 

Ёсць звесткі аб тым, што за тры кварталы 2019 года тавараабарот Віцебскай вобласці і Латвіі склаў 53,1 млн. долараў: прадпрыемствы рэгіёну экспартавалі прадукцыі на 42,7 млн., імпартавана - на 5,9 млн. Ключавыя пазіцыі экспарту ў Латвію - прадукцыя дрэваапрацоўкі , хімічныя злучэнні і нафтапрадукты, упаковачнай тара, кабельная прадукцыя. 

Аб'ём прамых інвестыцый, якія паступілі ў Віцебскую вобласць ад латвійскіх інвестараў за дзевяць месяцаў 2019 года, склаў 2,1 млн. долараў ЗША. Гэта ў 3,5 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага 2018 года. 

Цяпер гэтае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па віне беларускіх уладаў на нявызначаны час будзе спынена на ўзроўні інвестараў. 

Алег Кунін