Па выніках 2022г. найлепшымі ў гэтым сэнсе прызналі аповесць аршанскага пісьменніка Канстанціна Нілава «Копысская новелла» пра дзейнасць партызанаў і падпольшчыкаў падчас Вялікай Айчыннай вайны і кнігу вершаў старшыні абласной філіі Саюзу пісьменнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнка «Край родной, любимый». Прычым гэтай паэтцы прэмію імя Петруся Броўкі за 10 гадоў яе існавання прысуджаюць ужо трэці раз: раней яна станавілася лаўрэаткай гэтай прэміі за 2013-ты і за 2017-ты гады.
Канстанцін Нілаў – аўтар 14-ці кніг, лаўрэат прэміі «Залаты Купідон», якую ён атрымаў за нізку песень «Венок Беларусі». Але гэтыя рэгаліі і блізка не параўняюцца з узнагародамі, якія мае Тамара Краснова-Гусачэнка: ураджэнка Бранскай вобласці, аўтарка больш як 20-ці зборнікаў вершаў уганаравана шэрагам расейскіх і беларускіх літаратурных прэмій, узнагароджана медалём Францыска Скарыны і ордэнам Францыска Скарыны, яна сябар Праўлення і Прэзідуюма СП Беларусі, Праўленняў Саюзу пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы і Міжнароднага Саюзу пісьменніцкіх Саюзаў, ганаровы член Саюзу пісьменнікаў Беларусі.
У Віцебску яе ведаюць як аўтарку гімна горада, які быў шмат разоў раскрытыкаваны мясцовымі жыхарамі за фактычныя і стылістычныя памылкі ў тэксце. Што да кнігі «Край родной, любимый», то яе ўжо ўключылі ў праграму для пазашкольнага чытання і назвалі «дзіцячай энцыклапедыяй», якая апісвае розныя прадметы і з’явы. Паводле аўтаркі, яе вершы «посвящены воспитанию у ребенка любви к родному краю, пробуждают у него стремление к его познанию». Школьнікам малодшых класаў прапануюць вучыцца патрыятызму праз такога кшталту вершы:
Зайцы, лисы, зубры, лоси,
Лебеди на водах –
Столько нынче развелось их –
Царствует природа.
Лес бушует разноцветьем,
Клюква по низине
Ало-розовым рассветом
стелется. Рябина
Пламенем горит как будто!
А по синей дали
Тысячи гусей и уток
Кюгу улетали.
Дарэчы, апроч як на рэгіянальную прэмію, зборнік Тамары Красновай-Гусачэнка быў намінаваны і на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі ў катэгорыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва». Там сярод 17-ці аўтараў у віцебскай прадстаўніцы СПБ ёсць прынамсі 8 канкурэнтаў з творамі на беларускай мове.
Спірыдон Собаль