Распрацоўка законапраекта аб змяненні законаў аб грамадскіх аб’яднаннях і партыях вялася з 2019 года. Ён выносіўся на афіцыйнае грамадскае абмеркаванне і нават ужо быў унесены, а пазней адкліканы з парламента ў 2020 годзе. Аднак, тая версія, якая прадстаўленая ўрадам, значна адрозніваецца ў горшы бок у параўнанні з ранейшымі версіямі законапраекта.
Як выглядае, стымулам для прыспешвання даўняй працы па гэтым праекце сталі вынікі канстытуцыйнай рэформы, праведзенай у Беларусі ў лютым 2022 года. Актуальная версія законапраекта ўтрымлівае згадкі пра Усебеларускі народны сход, уведзены ў канстытуцыю як прадстаўнічы орган, у тым ліку для прадстаўлення грамадзянскай супольнасці. Праўдападобна, што гэты законапраект ідзе ў адным пакеце з іншымі праектамі, якія звязаныя з канстытуцыйнай рэформай, у тым ліку з праектам новай рэдакцыі Выбарчага кодэкса, праектамі законаў аб асновах грамадзянскай супольнасці і аб Усебеларускім народным сходзе.
Найбольш істотныя негатыўныя змены, якія прадугледжаныя законапраектам:
Для грамадскіх аб’яднанняў рэспубліканскага ўзроўню ўводзіцца абавязак мець асобныя аддзяленні ва ўсіх абласцях Беларусі і Мінску (то бок, як мінімум, 7 аддзяленняў, кожнае з якіх мусіць мець юрыдычны адрас і быць зарэгістравана як асобная адзінка);Уводзіцца норма аб тым, што юрыдычны адрас грамадскага аб’яднання ці яго аддзялення можа быць толькі ў нежылым памяшканні (на дадзены момант заканадаўства прадугледжвае выключэнне для магчымасці размяшчэння юрадраса ў аднакватэрных прыватных жылых дамах са згоды ўсіх пражываючых);Побач з правамі грамадскіх аб’яднанняў прапануецца ўвесці новы раздзел, датычны іх абавязкаў (якія маюць дастаткова агульны сэнс накшталт “абавязак выконваць Канстытуцыю”);Уводзіцца новая падстава для ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў, якая мае палітызаванае адценне: на падставе “несоответствия деятельности политической партии, союза основным направлениям внутренней и внешней политики, концепции национальной безопасности, утверждаемым Всебелорусским народным собранием”.
Пазітыўныя нормы, якія прадугледжаныя законапраектам, датычацца пераважна ўдакладнення пытанняў, па якіх раней праваўжывальная практыка стварала няяснасці альбо магчымасць падвойнай інтэрпрэтацыі:
Здымаецца абмежаванне на тэрыторыю дзейнасці мясцовых грамадскіх аб’яднанняў, цяпер яны будуць мець магчымасць працаваць па ўсёй тэрыторыі краіны;
Замацоўваецца магчымасць анлайн-падачы дакументаў на рэгістрацыю грамадскіх аб’яднанняў і іх аддзяленняў, таксама як і штогадовых справаздачаў аб дзейнасці;
Тэрмін прадастаўлення справаздач за справаздачны год павялічаны на 1 месяц (дэдлайн для прадастаўлення і публікацыю справаздач пасунуты з 1 сакаівка на 31 сакавіка);
Замацаваны пералік дакументаў, якія могуць служыць пацвярджэннем наяўнасці юрадраса для арганізацыйных структур;
Прыбіраецца патрабаванне замацоўваць у статуце грамадскага аб’яднання побач з мэтамі, задачамі і метадам дзейнасці аб’яднання яшчэ і “прадмет дзейнасці” (гэта паняцце было ўведзена патрабаваннямі закона ад 2005 года і з таго часу не набыло адназначнага агульнапрынятага значэння, што на практыцы стварала складанасці ў грамадскіх аб’яднанняў);
Пытанні абскарджвання адмоваў у рэгістрацыі, папярэджанняў, ліквідацый рэспубліканскіх арганізацый ды іншых рашэнняў Міністэрства юстыцыі, якія цяпер разглядаюцца Вярхоўным судом, прапануецца аднесці да юрысдыкцыі Мінскага гарадскога суда (гэта створыць магчымасць падачы апеляцыйнай скаргі на рашэнні па такіх справах);
У грамадскіх аб'яднаннях уводзіцца паняцце "попечительского совета" як асобнага органа, які можна ствараць;
Для рэгістрацыі ў Беларусі аддзяленняў міжнародных аб’яднанняў больш не трэба будзе прадастаўляць копію рэгістрацыйнага пасведчання міжнароднай арганізацыі, дастаткова будзе копіі яе статута;
Замацоўваецца права грамадскіх аб’яднанняў удзельнічаць у працы кансультатыўных і грамадскіх саветаў, што створаныя пры дзяржаўных органах;
Праект прадугледжвае магчымасць стварэння арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў па іншых прынцыпах, акрамя тэрытарыяльнага (напрыклад, гэта зробіць магчымым стварэнне ячэйкі на прадпрыемствах ці ва ўніверсітэце, без прывязкі да канкрэтнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі);
Тэрмін падачы звестак пра змены ў складзе выбарных органаў аб'яднання павялічваецца з 10 дзён да аднаго месяца;
Дэталізуецца магчымасць грамадскіх аб’яднанняў атрымліваць сродкі праз выкананне работ у межах дзяржаўнага сацыяльнага заказа, але пры гэтым не здымаецца забарона на самастойнае ажыццяўленне грамадскімі аб’яднаннямі прадпрымальніцкай дзейнасці.
Усім грамадскім аб’яднанням цягам году пасля ўступлення закона ў сілу трэба будзе прывесці статуты ў адпаведнасьць з новымі нормамі.
Што датычыцца палітычных партый, то для іх уводзяцца амаль усе анансаваныя вышэй змены, але таксама ствараюцца новыя жорсткія абмежаванні:
Прапануецца павялічыць мінімальную колькасьць сябраў, неабходную для рэгістрацыі і дзейнасці партыі, з 1000 да 5000 чалавек (пры гэтым ад кожнай вобласці і Мінска павінна быць прадстаўнічасць не меньш чым па 100 чалавек);
Павялічваецца патрабаванне пра неабходную колькасьць зарэгістраваных мясцовых аддзяленняў для існавання партыі. Цяпер неабходна мець абласныя аддзяленні ў большасці абласцей і горадзе Мінску. Законапраект патрабуе мець такія аддзяленні ва ўсіх абласцях, а таксама раённыя і гарадскія аддзяленні не менш як у адной трэці раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання кожнай з абласцей Беларусі і не менш як у адной трэці раёнаў горада Мінска (на дадзены момант ніводная з апазіцыйных партый не валодае такой колькасцю зарэгістраваных мясцовых аддзяленняў. З 15 зарэгістраваных у Беларусі партый толькі дзве адпавядаюць гэтаму крытэру – Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці);
Дэталізуюцца і пашыраюцца забароны на атрыманне палітычнымі партыямі фінансавання, у тым ліку уводзіцца верхняя мяжа для ахвяравання ад аднаго донара (арганізацыі ці грамадзяніна) ў памеры 1000 базавых адзінак на год (каля 10.000 даляраў), і уводзіцца забарона на фінансаванне партый грамадзянамі, якія больш за 183 дні на год знаходзіліся за межамі Беларусі;
Уводзіцца забарона на сяброўства ў партыях для грамадзян Беларусі, якія стала пражываюць за межамі краіны.
На падрыхтоўку і падачу дакументаў для перарэгістрацыі партыям даецца тры месяцы, пры гэтым трэба прадаставіць вялізны пакет дакмуентаў, у тым ліку спіс усіх сябраў партыі з пазначэннем імя, месца жыхарства, месца працы, месца нараджэння. Па тых партыях, якія не пройдуць перарэгістрацыю, міністэрства юстыцыі зможа падаваць позвы ў Вярхоўны суд аб іх ліквідацыі.
Алег Кунін