Серада, 18 Студзень 2023

Абласныя прафсаюзы ацэнілі сваю працу за мінулы год

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Вынікі працы Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў за 2022 год былі разгледжаныя 17 студзеня на паседжанні прэзідыума Рады гэтага аб'яднання, якім кіруе чалец Рады Рэспублікі Юры Дзяркач. У мерапрыемстве, якое прайшло ў аблвыканкаме, прынялі ўдзел абласная і гарадская ўлада, старшыні раённых, галіновых аб'яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый вобласці. Радавыя члены прафсаюзаў на сходзе адсутнічалі.

Згодна са статыстычнымі данымі, на гэты момант у вобласці дзейнічаюць 15 галіновых прафсаюзаў, у якіх знаходзяцца больш як 348 тыс. чалавек, а гэта 75 працэнтаў занятых у эканоміцы. 

У рэгіёне функцыянуюць больш за 3,4 тыс. пярвічных прафсаюзных арганізацый, дзейнічаюць больш за 2,6 калектыўных дагавораў паміж прафсаюзамі і адміністрацыямі прадпрыемстваў. 

За год у распараджэнне прафсаюзных босаў аказаліся вялізныя грошы. Толькі ўнёскаў ад сябраў прафсаюзаў было атрымана ня менш за 58 млн. рублёў, што складае 23 млн. даляраў ЗША. Ёсць яшчэ ў прафсаюзаў даход ад арэнды, прадастаўленні адукацыйных, гасцінічных, турыстычных і аздараўленчых паслуг. Засталося таямніцай на якія праекты былі растрачаныя гэтыя грошы і колькі іх пайшло на ўтрыманне кіраўніцтва абласной арганізацыі ФПБ. 

Улады дапамагаюць афіцыйным прафсаюзам пашырыць базу збору ўзносаў за кошт прыватных прадпрыемстваў. У выканкамах ставяцца добразычліва да таго, што пад выглядам абароны правоў працоўных, інспектары-прафсаюзнікі мучаць бізнэс сталымі праверкамі, з надзеяй што яны "зламаюцца" і пагодзяцца на стварэнне прафпервічак. 

За магчымасць бесперашкодна атрымліваць грашыма сябраў прафсаюзаў і распараджацца прыбыткамі ад уласнасці арганізацыі, кіраўніцтва прафсаюзаў Віцебшчыны займалася легалізацыяй дзейнага рэпрэсіўнага палітычнага рэжыму. 

У 2022 годзе на патрабаванне Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў яго шараговыя члены прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, імітавалі абмеркаванне законаў аб Усебеларускім народным сходзе, Грамадзянскім грамадстве, выбарчым законе і ў Працоўны кодэкс. 

Таксама паміж Віцебскім абласным аб'яднаннем прафсаюзаў і абласной арганізацыяй Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане 17 лістапада было падпісана двухбаковае пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Арганізацыі дамовіліся аб сумеснай рабоце на ніве гвалтоўнай мілітарызацыі свядомасці навучэнскай моладзі.

Таксама абласныя прафсаюзы імітацыйна, адсюль і неэфектыўна супрацьдзейнічалі "недружалюбным" рашэнням "заходніх партнёраў" і Украіны ў дачыненні да Беларусі і з адмоўным вынікам спрабуючы мінімізаваць эканамічныя і палітычныя санкцыі. 

Каб неяк адпавядаць сваёй назве, прафсаюзы маніторылі сітуацыю з няпоўнай занятасцю і выплатай заработнай платы. 

Найменш прафсаюзныя начальнікі цікавіліся захаваннем працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў, умовамі працы і адпачынку работнікаў. Гэта звязана з тым, што калі па-сапраўднаму адстойваць правы працоўных, то ў гэтым выпадку няўхільныя канфлікты з дзяржавай, уладальнікам сродкаў вытворчасці - заводам і фабрык. 

Нязмыўнай ганьбай для ФПБ стала маўклівая згода на ліквідацыі незалежных прафсаюзаў. Публічна лідэр арганізацыі Юры Дзяркач не выказаў слоў у падтрымку свайму калегі - кіраўніку недзяржаўнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці жыхара Воршы палітвязня Васіля Бераснёў, які нядаўна быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі за абарону правоў і законных інтарэсаў людзей працы.

Сяргей Ільін