Новы конкурс выклікаў у многіх віцябянаў толькі горкую ўсмешку: яны прыгадалі, як летась гарадскія ўлады абвяшчалі конкурс прапановаў для паляпшэння архітэктурнага аблічча абласнога цэнтру. Усё скончылася толькі справаздачай у мясцовай прэсе, што свае прапановы даслалі дзясяткі неабыякавых людзей. Да ўвасаблення хаця б адной з іх справа так і не дайшла.
таксама ў мінулым годзе ўлады прапанавалі ўзяць удзел у конкурсе на лепшы слоган пра Віцебск. Тады гараджане таксама адзначылі, што матэрыяльнай узнагароды пераможцам не было прапанавана, хаця з дапамогай новага слогана меркавалася атрымаць прыбытак за кошт павелічэння турыстычнай прывабнасці гораду. Зрэшты, і пра вынікі конкурсу зноў-такі нічога не чуваць: ці то ахвотных не знайшлося, ці то прапанаваныя варыянты не задаволілі арганізатараў.
Прапановы на конкурс талісманаў таксама могуць стаць нечаканымі для ініцыятараў. Бо ў каментарах пра новую ідэю гарвыканкаму ўжо прагучалі варыянты накшталт «паставіць каля кожнай ямы на дарозе скульптуру работніка ЖКГ з рыдлёўкай». Пасыл зразумелы: спачатку варта адрамантаваць дарогі, а потым выдаткоўваць сродкі на выраб «талісманаў». Таксама людзі называюць конкурс «самадурствам чыноўнікаў» або памкненнем стварыць «ілюзію клопату пра горад».
Становіцца відавочным, што падобныя конкурсы – гэта ўсяго толькі спроба дэманстрацыі, што нібыта гараджане могуць на нешта ўплываць. Насамрэч нічога падобнага не адбываецца. Без увагі застаюцца прапановы грамадскасці аб перайменаванні абласной бібліятэкі, якая носіць імя Леніна, аб вяртанні віцебскім вуліцам гістарычных назваў замест імёнаў расейскіх рэвалюцыйных і вайсковых дзеячаў, аб наданні імя Васіля Быкава, славутага пісьменніка, ураджэнца Віцебшчыны, адной з віцебскіх вуліц… Улады самі вырашаюць, каму ставіць помнікі ў Віцебску, у памяць пра каго называць школы і гімназіі, і выдаткоўваюць сродкі на «упрыгожванне» вуліц то бетоннымі яблыкамі ды грушамі, то дзіўнымі фігурамі са штучнага дывановага пакрыцця. Меркаваннямі гараджан на гэты конт ніхто і не збіраўся цікавіцца.
Таццяна Віктарава