Як паведаміў пракурор, у мінулым годзе на Пастаўшчыне зарэгістраваны па лініі ўсіх службаў 231 злачынства. У раёне павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, зафіксавана 60 выпадкаў. Пачасціўся рост крадзяжоў, за мінулы год іх было 102. Трэцяя частка ўсіх крадзяжоў была ўчыненая з домаўладанняў, размешчаных у сельскай мясцовасці, у якіх пастаянна людзі не жывуць.
Летась на Пастаўшчыне зарэгістравана 19 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У выніку іх адзін чалавек загінуў і 5 атрымалі цяжкія траўмы. Няшчасныя выпадкі адбыліся ў ААТ ”Кураполле-агра”, “Камайскі-агра”, Пастаўскім лясгасе і двойчы на Пастаўскім ільнозаводзе. Па словах пракурора, яго непакоіць тое, што камісія па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійна захваральнасці пры райвыканкаме, а таксама так званая мабільная група не аказваюць істотнага ўплыву на стан траўматызму і выкананне наймальнікам і работнікамі заканадаўства ва ўказанай сферы.
Летась на Пастаўшчыне адбыліся 44 пажары, на іх загінула 7 чалавек. У асноўным пажары ўзнікалі пры парушэнні правілаў эксплуатацыі, устройства і мантажу пячнога ацяплення, а таксама электрасетак і электраабсталявання.
Па словах пракурора, яны штогод фіксуюць факты безгаспадарлівасці і безадказнасці да захавання ўласнасці. Найбольш іх выяўляецца пры праверках на сельскагаспадарчых аб’ектах арганізацый аграпрамысловага комплексу раёна. У мінулым годзе падчас уборачнай кампаніі зафіксавана 20 фактаў крадзяжу паліва работнікамі сельгаспрадпрыемстваў. Таксама ў ноч на 8 студзеня з фермы “Сакалова” Аат “Сцяг Перамогі-агра” было скрадзенае адно цяля, якое ацанілі ў 2000 рублёў. Але злодзея знайшлі і жывёлу вярнулі гаспадарцы.
Летась пастаўскім судом была разгледжана крымінальная справа ў адносінах да трох службовых асобаў за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і ўчыненне крадзяжоў маёмасці з іх выкарыстаннем. Усяго пастаўскай пракуратурай было праведзена толькі 5 праверак выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, унесена 5 прадстаўленняў, вынесенае 1 прадпісанне, апратэставаныя два незаконныя прававыя акты, 14 чалавек прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці і 1 – да адміністрацыйнай.
Як зазначыў Аляксандр Козіч, выяўляюць яны і парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян. Гэта не разгляд усіх пытанняў, выкладзеных у звароце, непаўната праведзеных праверак па ім, адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць разгляду зваротаў, парушэнне парадку накіравання адказу на яго, не растлумачэнне парадку абскарджання ды іншыя. Але колькі было выяўлена такіх парушэнняў у раёне, ён не агучыў.
Інга Сташэўская