Падчас адкрыцця шмат гаварылася пра тое, каб зацікавіць моладзь, якая любіць TikTok, YouTube, Instagram, і цалкам ігнаруе «пенсіянерскія» выданні з рэцэптамі кансервацыі і рэкламай пахавальных кантор. А таксама і пра тое, як захаваць тую частку аўдыторыі, якая прывыкла звяртацца ў газету дзеля вырашэння бытавых праблем з уборкай пад’ездаў і асвятлення вуліц. Канткрэтных прапановаў было не дужа багата, затое прагучала вельмі шмат спадзяванняў, на тое, што медыяцэнтр стане пляцоўкай для навучання журналістаў сучасным тэхналогіям, для сустрэчаў чыноўнікаў, работнікаў СМІ і грамадскасці, брыфінгаў, відэасустрэч і гд. Інакш кажучы, на базе газеты «Витебские вести» адчынілі нешта накшталт новай канферэнц-залы, наяўнасць якой сама па сабе мала на што ўплывае.
Тым не менш, з рыторыкі ўдзельнікаў урачыстага адкрыцця было зразумела, што дзяржаўныя медыі не ў сілах уплываць на свядомасць грамадзян у той ступені, у якой ім было загадана. Таму задачы для СМІ, якія сталі «полем барацьбы», фармуляваліся практычна ў стылі вайсковага часу: «утрымліваць фокус увагі аўдыторыі, адукоўваць, тлумачыць», «закрываць патрэбы жыхароў у атрыманні аб’ектыўнай інфармацыі», асвятляць у адпаведным ключы «тыя ці іншыя рашэнні, якія прымаюцца ўладамі», выхоўваць «давер і павагу да органаў улады» і гэтак далей. Бо, як спрабаваў застрашыць калегаў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, у асвятленні праблем Віцебшчыны «инициативу перехватывают наши оппоненты, спекулируют на ней, раздувают до вселенского масштаба и выставляют наше государство в целом как несостоятельное».
Таццяна Віктарава