Субота, 25 Люты 2023

Як пісаць пра «правы інвалідаў», каб не напісаць анічога? Ведае сенненская «раёнка»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як паведамляе газета «Голас Сенненшчыны», у райвыканкаме правялі пасяджэнне «міжведамаснай рады» па правах людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Хто ўваходзіць у гэтую структуру са складаным назовам, для чытача застаецца невядомым. Зрэшты, гэта не так і важна, бо ў артыкуле орган, які апякуецца асобамі з інваліднасці, называецца то «радай», то «камісіяй». Можа, і гэта не істотна, калі праца ідзе на карысць людзям? А вось тут пачынаецца самае дзіўнае: у артыкуле няма ніводнай лічбы і ніводнага факта, што ж зроблена на Сенненшчыне для тых, каму патрэбная дапамога і спагада.

«Падчас пасяджэння былі закрануты актуальныя пытанні», – піша «раёнка». Цікава было б ведаць, якія? Але замест канкрэтыкі чытачам дадаюць яшчэ больш шматзначнай дэмагогіі: «У прыватнасці, пра неабходнасць падвышэння эфектыўнасці  міжведамаснага ўзаемадзеяння падчас вырашэння комплексных задач па стварэнні даступнага асяроддзя». Паўстае пытанне, пра якія менавіта задачы вядзецца гаворка? Адказу зноў няма.

Хацелася б ведаць, што ўжо зроблена ў дадзеным накірунку, бо на пасяджэнні «вялося пра вынікі выканання Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі па правах інвалідаў на 2017 -2025 гг. за 2022 год». Толькі гэта, мусіць, вялікая таямніца раённага маштабу, бо ў артыкуле не згадана ніводнага здзяйснення на карысць людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Сказаць, што іх пакінулі па-за ўвагай, таксама бадай што нельга. Бо на пасяджэнні «абмяркоўвалі ход выканання запланаваных мерапрыемстваў па стварэнні даступнага асяродку». Аднак, што і дзе запланавана, зноў засталося «за кадрам». Таксама «слухаліся пытанні пра прыцягненне да працоўнай дзейнасці грамадзян, якія маюць інваліднасць» і пра распаўсюд «новых форм культурнай асветы людзей з інваліднасцю». І на гэтым усё: нічога канкрэтнага, апрача расплывістых фармулёвак.

Напрыканцы падобных пасяджэнняў прынята падводзіць вынікі. Абмеркаванне правоў інвалідаў на Сенненшчыне таксама скончылася падобным чынам: «Прысутныя далі аб’ектыўную ацэнку зробленым захадам». Якую канкрэтна, ведаюць хіба толькі ўдзельнікі пасяджэння ды аўтар артыкула, што таксама палічыў за лепшае не публікаваць сваё імя і прозвішча.

Жанна Жалейка