Субота, 25 Люты 2023

Перакадзіроўка па-віцебску : дзяцей пераконваюць, што «абаронцы Айчыны» – гэта міліцыя

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Напрыканцы гэтага тыдня ў віцебскім дзіцячым садку №105 правялі імпрэзу да 23-га лютага. Можна спрачацца пра гістарычны сэнс свята, якое ўкаранілі ў Беларусі як спадчыну савецкіх часоў, але дагэтуль трывала прасочвалася сувязь панятку «абаронцы Айчыны» з прадстаўнікамі вайсковых структур. З гэтым святам звычайна віншавалі і кадравых вайскоўцаў, і салдат тэрміновай службы, і ўрэшце ўсіх прадстаўнікоў «моцнай паловы» насельніцтва – хай сабе нават яны ніколі не праходзілі нават тэрміновай службы. Аднак у дзіцячы садок у якасці жывога ўвасаблення «абаронцаў Айчыны» сёлета запрасілі не вайскоўцаў, а супрацоўнікаў МУС.

«Павіншаваць са святам» пяці-шасцігадовых выхаванцаў дзіцячай установы прыйшлі прадстаўнікі Дэпартамента аховы Чыгуначнага раёну разам са службовым сабакам. Старшы інспектар па прафесійнай падрыхтоўцы групы кадраў Міхаіл Гунько распавёў дзетсадаўцам «пра мужную і нялёгкую работу супрацоўнікаў іхнага ведамства». Потым дзеці ацанілі вывучку сабакі Тайсана, які выступіў  пад кіраўніцтвам кінолага Дзмітрыя Шарыка. А скончылася ўсё так званай «спартландыяй» з удзелам бацькоў.

Загадчыца дзіцячага садка №105 Святлана Глушаненка пераканана, што такія мерапрыемствы дапамагаюць выхоўваць «пачуццё патрыятызму, далучанасці да найлепшых традыцый сваёй Радзімы». Аднак падобна, што на вачах у цяперашніх дзяцей нараджаецца традыцыя зусім новая – любымі спосабамі надаць вагі «сілавікам», бо аўтарытэт міліцыі ў грамадстве далёка не высокі.

«Абаронцамі Айчыны « супрацоўнікаў міліцыі назваць даволі складана, хаця б ужо таму, што бараніць мірнае жыццё і суверэнітэт краіны закліканы вайсковыя падраздзяленні. Але нават з нагоды 23-га лютага на іх забыліся, абвясціўшы новымі героямі міліцыянтаў.

Таццяна Віктарава