Дзе шукаць "Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў"?
"Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" публікуецца на сайце Міністэрства ўнутраных справах. Улічвайце, што з-за мяжы гэты сайт не адчыняецца.
Праваабаронцы "Вясны" сочаць за абнаўленнямі Спіса і інфармуюць пра адпаведныя змены праз сацыяльныя сеткі і сайт.
Што такое "экстрэмісцкае фармаванне" і хто прымае адпаведнае рашэнне?
Вызначэнне тэрміна "экстрэмісцкага фармавання" дадзена ў ч. 4 арт. 1 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Экстрэмісцкае фармаванне – гэта група грамадзян, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб прызнанні яе экстрэмісцкай. Адпаведнае рашэнне прымаецца ў пазасудовым парадку. Ад чаго гэта залежыць орган – незразумела.
Калі МУС ці КДБ у дзеяннях групы грамадзян выявіць прыкметы, якія сведчаць аб ажыццяўленні дзейнасці, прадугледжанай часткай 4 артыкула 1 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", прымаецца рашэнне аб прызнанні такой групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і аб забароне яго дзейнасці.
А што такое тады "экстрэмісцкая арганізацыя"?
Як гаворыцца ў Законе, экстрэмісцкая арганізацыя – арганізацыя, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэнне суда аб прызнанні яе экстрэмісцкай.
Пакуль у Беларусі адна "экстрэмісцкая арганізацыя". "ТУТ бай медыя" быў прызнаны гэткай 14 чэрвеня 2022 года.
Каго могуць прызнаць "экстрэмісцкім фармаваннем"?
Зыходзячы з Пераліку, "экстрэмісцкім фармаваннем" могуць прызнаць амаль любы суб'ект: СМІ, супольнасці актывістаў, палітычныя суб'екты і нават музычную групу. Так, былі ўключаныя ў пералік:
- інфармацыйнае агенцтва "БелаПАН";
- "Беларускі незалежны прафсаюз РЭП";
- "Еўрарадыё";
- тэлеграм-чат адвакатаў "Беларускiя Адвакаты";
- Аб'яднанне беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне "Полк імя Кастуся Каліноўскага";
- музычны калектыў "Tor Band";
- экалагічная арганізацыя "Экадом", якая прасоўвала зялёную энергетыку, экалагічны лад жыцця, ідэі ўстойлівага развіцця;
- гумарыстычны тэлеграм-канал "Чай з малинавым варэннем";
- грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
А якія наступствы для ўдзельнікаў і стваральнікаў?
За стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" прадугледжваецца адказнасць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса.
Артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса. Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім
- Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, а роўна фарміравання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзяць у яго структурным падраздзяленнем –
караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
- Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –
караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў.
- Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) – караецца абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
У выпадку ўдзелу для прыцягнення да крымінальнай адказнасці па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса, мусіць быць даказаная мэта – уступленне ў экстрэмісцкае фармаванне, каб здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Менавіта таму супрацоўнікі гутараць з людзьмі пра ўдзел у пратэсных акцыях.
Пад "злачынствам экстрэмісцкай накіраванасці" разумеюцца злачынства, спалучанае з учыненнем наўмысных дзеянняў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да экстрэмізму, а роўна іншае злачынства, прадугледжанае гэтым Кодэксам, здзейсненае па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або варожасці, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці альбо па матывах варожасці або варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы.
Ці законна прызнанне "экстрэмісцкага фармавання" пасля затрымання яго стваральніка і ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць яго за гэта?
Такая працэдура законная, бо для прыцягнення да адказнасці стваральніка не патрабуецца, з фармальнага пункту гледжання, прызнання арганізацыі злачыннай. Аднак для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўдзельніка неабходна даказаць, што ўдзельнік ведаў аб характары дзейнасці фармавання да прызнання яго экстрэмісцкім.
А якія наступствы для тых, хто ў іншых формах неяк узаемадзейнічае з "экстрэмісцкім фармаваннем"?
Па інфармацыі Следчага камітэта ад 10 лістапада 2021 года, "якія ўвайшлі пасля вынясення рашэння і ўключэння ў пералік "экстрэмісцкага фармавання" ў якасці ўдзельнікаў, члены фармавання "Плана перамогі", у тым ліку тыя, што пакінулі ў чат-боце аднайменнага тэлеграм-канала свае дадзеныя для выканання па ўказанні замежных штабоў экстрэмісцкіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, будуць прыцягвацца да адказнасці за ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (ч. 3 арт. 361-1 КК Беларусі)".
Аднак, згодна з часткай 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса, падпісчыкі каналаў прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, калі даказаная мэта: уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання, каб здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці.
Тым хто дасылае інфармацыю і дае каментары ці па-іншаму ўзаемадзейнічае могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за "садзейнічанне экстрэмісцкаму фармаванню" (артыкул 361-4 КК) або "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-2 КК).
Паводле інфармацыі Следчага камітэта ад 23 лютага 2023 года ў Гродзенскай вобласці ўзбуджана тры крымінальныя справы за інтэрв'ю "экстрэмісцкім СМІ" па артыкуле паводле крымінальнага артыкула за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Ці ўстаноўлены нейкія абмежаванні ў зняволенні для асуджаных за экстрэмісцкае фармаванне ці садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці?
Так, іх могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці альбо ўнесці ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Пра абмежаванні мы пісалі тут.
Ці можна абскардзіць рашэнне аб прызнанні "экстрэмісцкім фармаваннем" і ў якія тэрміны?
Так, рашэнне аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і аб забароне яго дзейнасці можа быць абскарджана ў МУС, КДБ і (або) у суд. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле 15 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму".
Тэрмін для звароту са скаргай у МУС і КДБ не вызначаны, адпаведна, згодна з часткай 2 артыкула 11 Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", тэрмін для абскарджання складае тры гады з дня, калі заяўнікі даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні іх правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў. Тэрмін для звароту са скаргай у суд – адзін месяц з дня, калі грамадзяніну стала вядома аб парушэнні яго права (артыкул 355 ГПК).
Такім чынам, у выпадку, калі заяўнік вырашыць падаць скаргу ў МУС ці КДБ і пасля гэтага звярнуцца ў суд, то зрабіць гэта неабходна на працягу месяца з дня, калі яму стала вядома аб парушэнні яго права.
А ці былі ўжо такія прэцэдэнты?
Так, у лютым 2023 года суд разглядаў першую скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян, якая аб'ядналася ў ініцыятыву "Рабочы Рух", экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне яго дзейнасці — першага "экстрэмісцкага фармавання" ў Беларусі. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы.
Заяўнікамі па скарзе выступалі палітзняволеныя Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўкоў, Алкясандр Гашнікаў, Аляксандр Капшуль, над якімі на той час адбываўся суд, у тым ліку за ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні". Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, але можна меркаваць, што ў задавальненні скаргі было адмоўлена, бо ў выніку палітвязняў прызналі вінаватымі паводле арт. 361-3 КК і асудзілі да вялікіх турэмных тэрмінаў.
А калі мяне прызналі ўдзельнікам фармавання, ці магу я гэта абскардзіць?
З нядаўняга часу ў "Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" сталі пазначаць і ўдзельнікаў фармавання. Гэта таксама можна абскардзіць.
Рашэнне аб уключэнні ў пералік можна абскардзіць у МУС у месячны тэрмін, які вылічваецца са дня ўключэння фармавання ў пералік (п. 1.3 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.10.2021 № 575 "Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму").
У месячны тэрмін пасля атрымання адказу з МУС або са дня заканчэння месячнага тэрміну пасля падачы скаргі ў МУС, калі заяўнікам не быў атрыманы на яе адказ, чалавек можа звярнуцца ў суд.
Гэта можа зрабіць грамадзянін, якога ўключылі ў пералік.