У Полацку падчас шэсця да дня ўшанавання дзяржаўнай сімволікі ў першым шэразе ішлі жанчыны ў адзенні дзіўнага кшталту. Адна з іх – у сукенцы, сшытай па прынцыпе «чырвоны верх, зялёны ніз» з арнаментам на рукаве. Другая – у блузе з паласой арнаменту пасярэдзіне, чырвонымі рукавамі і зялёнымі бакавінамі... Відаць, на думку арганізатараў, такія «маскарадныя касцюмы» мелі засведчыць павагу і любоў да сцяга Рэспублікі Беларусь.
Майкі і нават шорты ў колерах дзяржаўнага сцяга выпускаюць і беларускія прадпрыемствы. Практычна ніхто не носіць такое адзенне ў штодзённым жыцці, затое Беллегпрам забяспечвае «антураж» шматлікіх дзяржаўных мерапрыемствах. Ці ж гэта не прыніжэнне дзяржаўнай сімволікі, калі вырабы з алюзіей да галоўнага дзяржаўнага сімвала апранаюць на тое, што знаходзіцца ніжэй спіны? Мусіць, ідэолагі так не лічаць.
Своеасаблівае разуменне сімволікі і яе ўвасаблення ў адзенні заўважана і ў беларускіх міліцыянтаў. Былі прыклады, калі «за пікетаванне» затрымлівалі людзей у белых штанах з чырвонымі лампасамі, у белых шкарпэтках з чырвонымі палоскамі, за медычную маску са смешным малюнкам - чырвоны язык паміж белых зубоў, за сумкі, шалікі і рукавічкі «апазіцыйных» колераў...
Феліцыян Красоўскі