Двухпавярховы будынак гасцініцы, якая размяшчаецца на вуліцы Камсамольскай, быў пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 50 год там. Як і ў мінулыя гады, так і цяпер там часова спыняюцца і жывуць некаторы перыяд рабочыя арганізацый, служачыя дзяржаўных устаноў, якія па тых або іншых справах накіроўваюцца ў раённы цэнтр. Неаднаразова жылі нават тут і сталічныя артысты, чыноўнікі. Але, вядома, іх засялялі не ў звычайныя нумары, бо там ёсць два асобныя нумары для такіх гасцей, якія больш менш прыдатныя для жыцця.
Усяго ў гасцініцы 19 нумароў на 39 месцаў. Паводле раёнкі, унутраны стан большасці нумароў выглядае вельмі кепска. У тых, якія размешчаны па калідоры з паўночнага боку, драўляныя аконныя рамы часткова прагнілі, скрозь іх дзьме вецер. Столь у нумарах і сцены пакрыты чорнымі плямамі ад пастаяннай волкасці. Мэбля старая, эксплуатуецца яна ўжо не адзін дзясятак год. Не ў кожным нумары ёсць тэлевізар. Адсутнічаюць нават элементарныя электрычныя чайнікі для прыгатавання кавы або гарбаты.
Для ўсіх пастаяльцаў на першым паверсе месцяцца агульныя душ і прыбіральня.
На гэтым фоне зусім іначай выглядаюць два двухпакаёвыя нумары, куды звычайна і засяляюць чыноўнікаў і артыстаў, — адзін з іх двухмесны, а другі аднамесны. У кожным з іх ёсць мяккая мэбля, сучасныя тэлевізары, лядоўні, мікрахвалевыя печы, санвузлы з гарачай і халоднай вадой.
Ёсць яшчэ два нумары, у якіх ёсць тэлевізары і новая мэбля.
На першым паверсе ў былых гасцінічных нумарах цяпер размяшчаюцца дзяржаўныя ўстановы: аддзел статыстыкі райвыканкама, натарыяльная кантора, райкам прафсаюза работнікаў АПК, некалькі памяшканняў арандуюць індывідуальныя прадпрымальнікі і так далей. А пакоі для пастаяльцаў гасцініцы месцяцца на другім паверсе.
Штат работнікаў гасцініцы складае ўсяго пяць чалавек. Гэтыя старанныя і працавітыя жанчыны прыкладаюць максімум намаганняў, каб жыльцы былі задаволеныя ўмовамі. Але, як піша “Кліч Радзімы”, далёка не ўсё залежыць ад іх. Несумненна, установа патрабуе рамонту.
У Шаркаўшчыне ў 2023 годзе павінны адбыцца абласныя “Дажынкі”. Таму ў людзей увесь спадзеў на тое, што да іх зробяць і рамонт мясцовай гасцініцы.
Сяргей Азёрны