Нядзеля, 21 Май 2023

Зарапартаваліся. Гарадоцкая газета пераблытала акцябратаў з піянерамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Імкнучыся асвятляць усе ідэалагічныя мерапрыемствы ў рэгіёне, газета «Гарадоцкі веснік» паведаміла, што ў райцэнтры школьнікаў урачыста прымалі ў акцябраты. Але адбылося гэта ў так званы Дзень піянерскага сяброўства 19 траўня ( у СССР гэтая каляндарная дата лічылася «Днём піянерыі»). І як вынікае з фотарэпартажу, школьнікам у гэты дзень урачыста павязвалі чырвона-зялёныя гальштукі. Між тым «акцябрацкім» сімвалам лічыцца адмысловы значок, які  выдаецца вучням пачатковых класаў.

Прыём у акцябраты – гэта застарэлая спадчына савецкіх часоў, рэанімаваная ў Беларусі.  Тэрмін «акцябраты» быў  выдуманы ў 1923-24 гадах, калі ў Маскве пачалі ствараць дзіцячыя групы з 7-гадовых равеснікаў Кастрычніцкага перавароту.  Канчаткова замацалася гэтая назва ўжо пасля VI з“езду расейскага камсамолу (18.07.1924 г.), дзе было прынята рашэнне «ахапіць камуністычным рухам дзяцей 8-11 гадоў».

У першыя гады незалежнасці Беларусі ад уключэння дзяцей у «камуністычны рух» афіцыйна адмовіліся. Аднак пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі старая савецкая завядзёнка была вернута ва ўжытак. Цяпер акцябраты лічацца «падрыхтоўчай групай» да ўступлення ў шэрагі піянерскай арганізацыі.

Беларускіх школьнікаў звычайна прымаюць у акцябраты восенню. Маўляў, удзел у дзіцячай грамадскай структуры мусіць паспрыяць таму, каб дзіця адчула сабе паўнапраўным вучнем.  А вось прыём у піянеры насамрэч бывае прымеркаваны да 19 траўня – былога Дня піянерыі.

У сучаснай Беларусі, дзе школьнікаў імкнуцца выхаваць паслухмянымі выканаўцамі волі ўладаў, а таму ўхваляюць строгую структураванасць дзіцячага асяродку, для піянераў змяніўся хіба толькі колер гальштукаў: у часы СССР яны былі чырвоныя, а ў беларускіх піянераў гальштукі чырвона-зялёныя – у колерах дзяржаўнага сцяга.

Многія дзяржаўныя СМІ размясцілі тэкставыя матэрыялы і фотарэпартажы, прысвечаныя прыёму падлеткаў у піянеры. У гарадоцкай «раёнцы» крыху зарапартаваліся, назваўшы  фотарэпартаж «На Городокщине школьники вступили в ряды октябрят». Такіх памылак не здараецца, калі журналісты добра разумеюць, пра што пішуць, а не проста імкнуцца выканаць дзяржаўнуюлагічную замову.

Лявон Каляда