Вядома, жыхароў Дабрамысляў такі расклад справаў не падабаецца. Яны лічаць, што мясцовыя ўлады абавязаны забяспечыць неабходныя стандарты якаснага жыцця, як таго вымагае статус аграгарадка. Аднак кіраўніцтва раёна з насельніцтвам Дабрамысляў не згодна.
Цікавая акалічнасць: аграгарадок Дабрамыслі днямі быў уключаны ў лік пераможцаў паводле падвядзення вынікаў санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2022г. З гэтае нагоды Дабрамыслі атрымалі пераходны вымпел і грашовую прэмію з рэспубліканскага бюджэту памерам 29 600 рублёў (800 базавых велічынь).
Насельніцтва Дабрамысляў складае каля тысячы чалавек, значная частка з іх – гэта жыхары квартала 2-4павярховай забудовы, якая склалася ў выніку развіцця тутэйшай прамысловасці, будаўніцтва ПМК №28 і мясцовай гідраэлектрастанцыі.
Лёзненская раённая газета «Сцяг перамогі» неаднаразова з гонарам паведамляла, што гэты населены пункт «прэтэндуе на званне найлепшага населенага пункта ў раёне». У якасці аргумента традыцыйна прыводзілася жаданне людзей зрабіць сваё месца жыхарства як мага больш утульным: «раёнка» пісала пра дагледжаныя двары, рознакаляровыя клумбы і добраўпарадкаваныя дзіцячыя пляцоўкі, якімі апякуюцца насельнікі Дабрамысляў. Але ў адказ паклапаціцца пра іх мясцовыя ўлады не лічаць патрэбным.
Станіслаў Іваноўскі