Аўторак, 20 Чэрвень 2023

У Чашніках будуць судзіць «за распаўсюд экстрэмізму» былога намесніка старшыні райвыканкаму

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Карыстальнікі сацыяльных сетак звярнулі ўвагу на супадзенне прозвішча, імя і імя па бацьку намесніка старшыні Чашніцкага райвыканкаму і асобы, выкліканай у раённы суд за парушэнне ч.2 арт. 19.11 КаАП. Тым часам інтэрнэт-рэсурс mediazona.by спраўдзіў інфармацыю: насамрэч, адміністрацыйны пратакол складзены на былога чыноўніка, якога вінавацяць за «лайк» пад паведамленнем 2013 г. З тае пары прайшло 10 гадоў, і інфармацыйны рэсурс, дзе выказаў свае сімпатыі Аляксандр Іванавіч Сівашэнка, быў прызнаны «экстрэмісцкім». Судовы працэс прызначаны на 21 чэрвеня.

Звесткі пра тое, што Аляксандр Сівашэнка быў намеснікам старшыні райвыканкаму, захоўвае інтэрнэт. Праўда, у адпаведнасці з дзейнай версіяй афіцыйнага сайта Чашніцкага райвыканкаму, гэтага прозвішча больш няма ў складзе кіроўнай вертыкалі. Найхутчэй, спадар Сівашэнка выйшоў на пенсію, бо ў жніўні яму мае споўніцца 72 гады.

Чашніцкая раённая газета «Чырвоны прамень» у 2016г. прысвяціла асобны артыкул віншаванням Аляксандра Сівашэнкі з 65-годдзем, поўны хвалебных эпітэтаў: «с А. И. Сивошенко всегда работать было легко в силу его высокого профессионализма и компетентности, умения находить правильные решения и нужные слова в любой ситуации. Тактичность и вежливость его, интеллигентность, искреннее желание помочь располагают, вызывают уважительное отношение. Он из тех, на кого можно положиться. Во всём и всегда…»

Пра тое, што былы намеснік страшыні райвыканкаму ёсць чалавекам, адданым сістэме, сведчыць ягоны ўдзел у выбарчых кампаніях: у 2017 і ў 2020 гадах Сівашэнка быў чальцом Чашніцкай акруговай выбарчай камісіі, ён вылучаўся ад ветэранскай раённай арганізацыі.

Застаецца загадкай, якім чынам у сацыяльных сетках былога чыноўніка знайшлі «кампрамат». За падобныя правапарушэнні сённяшнія суды даюць «суткі» і штрафы. Найверагодней, былога старшыню райвыканкаму суд усё-ткі пашкадуе і не накіруе пад арышт.

Лявон Каляда