Моладзевую раду стварылі паводле ініцыятывы кіраўнікоў суполак прафсаюзу, БРСМ і ГА «Белая Русь». Прэферэнцыі, якія будуць мець удзельнікі новай ідэалагічнай структуры, прадказальныя. Паводле намесніка дырэктара РУП «Віцебскэнерга» Уладзіміра Дзіклова, « у моладзі з“явіцца болей магчымасцяў прасоўваць свае ініцыятывы, узаемадзейнічаць з адміністрацыяй і грамадскімі арганізацыямі прадпрыемства ў вырашэнні праблем. Рада будзе садзейнічаць рэалізацыі моладзевых праграм, прыцягненню хлопцаў і дзяўчат да актыўнага жыцця калектыву. У рады будзе права наўпрост выходзіць з прапановамі да кіраўніцтва прадпрыемства».
Атрымліваецца, што дагэтуль моладзь прадпрыемства энергетыкаў не мела аніякай магчымасці выступаць з прапановамі, звяртацца да адміністрацыі па праблемных пытаннях, браць удзел у грамадскім жыцці. Калі гэта так, то кіраўніцтва прадпрыемства варта пакараць за дыскрымінацыйныя паводзіны ў дачыненні да маладых супрацоўнікаў. Але найхутчэй справа ў іншым: неабходнасць стварэнне Моладзевай рады абгрунтоўваецца казённымі фармулёўкамі, за якімі няма ніякіх рэальных справаў.
Не выклікае здзіўлення і тое, што Моладзевую раду, якая складаецца з 20 чалавек, ўзначаліў Мікіта Саламонаў -- сакратар БРСМ апарата кіраўніцтва РУП «Віцебскэнерга». На ягоную думку, існаванне новай структуры «дазволіць праводзіць супольныя мерапрыемствы для ўсіх філіялаў» і «ажыццяўляць аператыўнае ўзаемадзеянне кіраўніцтва і моладзі».
Жанна Жалейка