Субота, 01 Ліпень 2023

Адказнымі за бяспеку на дзіцячых пляцоўках у Віцебску зрабілі саміх жыхароў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Стала ўжо нядобрай традыцыяй, што пасля чарговага трагічнага здарэння, калі дзіця пацярпела ў выніку нядбайнасці дарослых, журналісты дзяржСМІ выпраўляюцца «з інспекцыяй» па віцебскіх дварах. Так і гэтым разам: пасля выпадку ў летніку на Бабруйшчыне, калі на 13-гадовага хлопчыка паваліліся футбольныя вароты, карэспандэнты «Витебских вестей» пацікавіліся станам абсталявання на дзіцячых пляцоўках у Віцебску. Істотных недахопаў не знайшлі, а ліквідаваць дробныя параілі самім жыхарам праз службу ЖКГ.

Зрэшты, у артыкуле «Как устранить проблемы с оборудованием на детских площадках в Витебске, разбиралась корреспондент «ВВ» згаданы ўсяго тры віцебскія двары: на вуліцы Герцэна, на праспекце Перамогі і на Маскоўскім праспекце. Усё гэта двары каля адносна новых дамоў, таму журналістам варта было б пацікавіцца, што робіцца каля так званых «хрушчовак», дзе «горкам» і турнікам бывае столькі ж гадоў, колькі і самім дамам, збудаваным у 1960-х... Але нават у тых дварах, якія наведалі аўтары артыкула, былі заўважаны праблемы. У прыватнасці, адсутнасць борцікаў у «горак» і выбітыя глыбокія яміны на месцы «прызямлення».

Што, здавалася б, прасцей за падсыпку пяску, каб дзеці маглі бяспечна катацца, не рызыкуючы атрымаць траўму? З каментара Ірыны Тарасевіч, начальніцы аддзела абласной пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непоўналетніх, вынікае, што адказнымі за стан дзіцячых пляцовак з“яўляюцца або таварыства ўласнікаў дома, або ЖКГ – калі пляцоўка месціцца на тэрыторыі агульнага карыстання.

Паводле прадстаўніцы пракуратуры, пытанні неналежнага стану абсталявання дзіцячых пляцовак паўстаюць штогод, і пракуратура абавязвае гаспадароў усё выправіць, «але праблем усё адно хапае».

Таму выснова артыкула наступная: дарагія бацькі, паколькі ў небяспецы вашы ўласныя дзеці, то турбуйце ЖКГ самі, раз камунальнікі не спяшаюцца выконваць свае прафесійныя абавязкі. Усё бы нічога, але мы ўсе ведаем, як «хутка» камунальныя службы адгукаюцца на заяўкі гараджан. Некаторыя з іх «вісяць» на сайце 115.бел месяцамі, а за такі час можа здарыцца ўсё, што заўгодна.

Жанна Жалейка