Паводле чыноўнікаў, важным момантам паспяховага правядзення ўборачнай кампаніі таксама з’яўляецца і захаванне тэхнікі бяспекі. Гэтыя ўсе пытанні былі разгледжаныя на раённым семінары па ахове працы на чале з намеснікам старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрыем Васілеўскім.
Удзельнікі семінара абмеркавалі, як аграрыі падрыхтаваныя да ўборачнай, бо яны ўжо прыступілі да жніва. Вялікую занепакоенасць, паводле ўладаў, выклікае стан напольных зернесушылак. У мінулым годзе мелі месца іх узгаранні ў ААТ «Жвіранка» і «Ельня-Агра». З мэтай недапушчэння такіх выпадкаў шаркаўшчынскія ўлады вырашылі, што спецыяльная камісія будзе на пастаяннай аснове кантраляваць спраўны стан зернесушылак. Як сказаў начальнік аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці райсельгасхарчу Валерый Катовіч, нягледзячы на тое, што большасць з іх выраблена ў 1970-х гадах, эксплуатацыя дадзеных агрэгатаў павінна быць бяспечнай для жыцця і здароўя працуючых.
Таксама шаркаўшчынскія чыноўнікі звярнулі ўвагу на дрэнны стан з укамплектаваннем будынкаў аграспрамысловай галіны вогнетушыцелямі, часта яны бываюць няспраўнымі. У якасці прыкладу быў прыведзены выпадак з узгараннем пагрузчыка «Амкадор» у адной з гаспадарак раёна. Тэхніку выратаваць не змаглі з-за няспраўных вогнетушыцеляў. Як падкрэсліў намеснік начальніка РАНС Яўгеній Пяткевіч, у асобных гаспадарках пытанне ўкамплектавання тэхнікі вогнетушыцелямі стаіць востра і яго трэба вырашаць у самыя кароткія тэрміны.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Рудак на пасяджэнні зазначыў, што ўсе працуючыя ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам павінны своечасова праходзіць інструктажы па ахове працы і тэхніцы бяспекі, мець спецадзенне і спецвопратку.
Шаркаўшчынскія чыноўнікі прызналі, што працуюць падчас жніва ў аграрных прадпрыемствах не толькі вяскоўцы, але і работнікі, камандзіраваныя з іншых арганізацый гарадскога пасёлка і раёна. Па іх словах, ад зладжанай працы ўсіх напрамую залежыць бяспечнае правядзенне аграрнай кампаніі ў самым бедным раёне Беларусі – Шаркаўшчынскім.
Валер Сакаў