Дзесяцікласніца Ксенія Яленская стала пераможцай раённага этапу конкурсу «Я – патрыёт сваёй краіны», што праходзіў у рамках беларуска-расійскага праекта «Поезд Памяці», і прадстаўляла Мёршчыну на абласным этапе. Другакласнік Савелій Мятла перамог у конкурсе дзіцячага малюнка «Армія маёй краіны». Другое месца ў конкурсе эсэ «Подзвігамі герояў Беларусі – ганарымся» заняў пяцікласнік Аляксандр Конах. Пераможцы конкурсу «Без тэрміну даўнасці» – дзесяцікласніца Ірына Нарэйка і адзінаццацікласніца Марыя Доўнер, другое месца ў дзесяцікласніка Уладзіміра Касьянава. Вучаніца 3 класа Яна Шастакевіч у ліку перможцаў у конкурсах малюнкаў «Нам гэты свет завешчана берагчы» (3 месца), «PROвызваленне» (2 месца). Таксама ў конкурсе «PROвызваленне» лідарка – сямікласніца Аляксандра Крыўко.
Пераможцамі раённага этапа адкрытага конкурсу відэаролікаў «Трэнд Цік-току. Ура, патрыятызм!» сталі шасцікласнікі Дар’я Бушыла, Алена Янушонак, Ангеліна Чарнышова, Паліна Стацэвіч і атрымалі дыплом ІІІ ступені на абласным этапе. Каманда «Легіён» пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Наталлі Астукевіч перамагла ў раённай віктарыне «Мы гэтай памяці верныя».
На рэспубліканскай выставе-конкурсе дзіцячай і моладзевай творчасці «PROвызваленне» ў намінацыі «Спадчыннікі Перамогі» найлепшым прызналі верш Ксеніі Яленскай з Мёршчыны пад назвай «Наша армія – спадчынніца Перамогі».
Вось толькі ці ведаюць гэтыя дзеці пра сапраўдную гісторыю Другой сусветнай вайны, яе пачатак ды іншыя акалічнасці той перамогі? Ці распавядаюць настаўнікі гісторыі пра зваротны бок усіх войнаў, якія прыносяць невымерны боль людзям? І ці распавядаюць вучням беларускіх школ пра сапраўдны ўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне? Пытанні рытарычныя.
Яна Гурская