Серада, 16 Жнівень 2023

Расонская «раёнка» запусціла праект «В объективе – сенатор»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гэта верная прыкмета таго, што набліжаюцца выбары. Каб узняць аўтарытэт уладаў у народа, трэба бліжэй пазнаёміць народ з тымі, каго ён нібыта абірае, вырашылі ў рэдакцыі газеты «Голас Расоншычыны». Першай асобай, каго запрасілі на адмысловае інтэрв’ю ( слова «аб’ектыў» у назве – толькі для прыгажосці) стала Таццяна Полушкіна, дырэктарка Полацкага каледжа ВДУ імя Машэрава, шматгадовая кіраўніца Полацкай гарадской арганізацыі РГА «Белая Русь», чалец Савета Рэспублікі Народнага Сходу, якая балатавалася туды ад Полацкага і Верхнядзвінскага раёнаў . Першы артыкул праекта назвалі паводле яе выказвання: « Я – патриот до мозга костей...»

«Свою основную задачу и призвание вижу в том, чтобы донести до людей истинную суть происходящего, не дать расшатать государственные устои, защитить страну, её суверенитет, быть проводником государственной политики. Я искренне верю в правильность выбранного Президентом курса и действительно являюсь патриотом своей родины до мозга костей», -- сказала журналістам Таццяна Полушкіна.

Спадарыня Полушкіна распавяла пра сваю працу ў каледжы і ў камісіі па міжнацыянальных справах і дзяржаўнай бяспецы. На яе думку, зносінам з простым народам спрыяюць асабістыя прыёмы ў рэгіёне. Але сенатарка лічыць, што «беларусы – закрыты народ», і таму на прыемах можна пасуць хіба што скаргі на працу ЖКГ або транспарту. Затое «шмат цікавага можна даведацца, стоячы ў чарзе каля касы, на транспартным прыпынку, у паліклініцы». Менавіта там абмяркоўваюцца вострыя тэмы, зазначае Таццяна Полушкіна.

Каб надаць яе абліччу больш «чалавечых» рысаў, жанчыну распыталі пра тое, чым яна любіць займацца ў вольны час. З адказа вынікае, што Таццяна Полушкіна любіць чытаць профільныя часопісы пра адукацыю і артыкулы пра касметычныя працэдуры.

Наколькі новы праект «раёнкі» зацікавіў чытачоў, можна ацаніць па колькасці праглядаў гэтага інтэрвэю – 683. Для параўнання: артыкул з фотарэпартажам пра святкаванне Дня моладзі чытачы прагледзелі 18748 разоў.

Лявон Каляда