– Чыгунка – зона павышанай небяспекі, таму тут варта быць максімальна асцярожнымі. Пераходзіць шляхі можна толькі ва ўстаноўленых і абсталяваных для гэтага месцах. Папярэдне трэба ўпэўніцца ў адсутнасці цягніка, які набліжаецца, або ў тым, што на пераезнай сігналізацыі дазвольны сігнал светлафора. Ні ў якім выпадку нельга падлазіць пад рухомы састаў, пералазіць праз аўтасчэпныя прыстасаванні паміж вагонамі, узбірацца на дахі вагонаў, катацца на падножках.
Хадзіць па шляхах забаронена. За праход па іх або знаходжанне ў месцах, не прызначаных для гэтага, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 18.2 частцы 4 КаАП – штраф да дзвюх базавых велічынь.
Міліцыянт заклікае таксама паведамляць пра факты знаходжання людзей на чыгуначных шляхах і не заставацца абыякавымі, калі яны бачыць на тэрыторыі, прылеглай да чыгуначных каляін, непаўналетніх і пажылых людзей.
Магчыма, гэта папярэдзіць іх пападанне пад рухомыя саставы, - падсумоўвае Аляксандр Гродзь.
Нагадаем, у Беларусі апошнім часам пачасціліся выпадкі гібелі людзей на чыгуначных шляхах.
Рыгор Радзевіч