Чацвер, 07 Верасень 2023

Чым меней скаргаў, тым лепш. Ігар Брыло задае новы трэнд у рабоце са зваротамі грамадзян

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
З права - Памочнік прэзідэнта Ігар Брыло З права - Памочнік прэзідэнта Ігар Брыло

Памочнік прэзідэнта па Віцебскай вобласці, нядаўна прызначаны на гэтую пасаду, прапануе ацэньваць работу мясцовых уладаў па колькасці зваротаў да вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Маўляў, чым меней скаргаў на наяўныя праблемы, тым лепей працуюць з насельніцтвам мясцовыя структуры. Хаця тэндэнцыя, якая назіраецца ў апошнія гады і нават дзесяцігоддзі, кардынальна іншая: людзі ўсё радзей спадзяюцца вырашыць свае праблемы з дапамогай дэпутатаў ці начальнікаў. Таму ігнаруюць розныя «прамыя лініі», дэпутацкія ці іншыя прыёмы. Ігар Брыло вырушыў перакруціць сітуацыю на карысць дзяржаўных органаў.

Думку пра тое, што «минимальное количество обращений граждан – максимальная оценка работы местной власти» памочнік прэзідэнта выказаў пасля «прамой лініі» і прыёма грамадзянаў у Дубровенскім райвыканкаме. Паводле абласной газеты «Витебские вести», скаргаў да Ігара Брыло не паступіла ўвогуле, затое людзі тэлефанавалі, каб выказаць падзяку райвыканкаму за добрую працу.

Усё гэта нагадвае самадзейную пастаноўку, бо насамрэч праблем на Дубровеншчыне нямала. Прыкладам, два тыдні таму старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў сустракаўся з жыхарамі Добрынскага сельсавета. Людзі скардзіліся яму на кепскі стан дарог у вёсках, прасілі адрамантаваць шматкватэрны жылы дом у цэнтры сельсавета і добраўпарадкаваць могілкі, дапамагчы з ачысткай студняў у вёсцы Ланенка, навесці парадак у жыллевым фондзе гаспадарак – адрамантаваць дахі і электраправодку.

Што яшчэ паказальна: таксама два тыдні таму памочнік прэзідэнта па Віцебскай вобласці наведваў Гарадоцкі раён. У адрозненне ад Дубровеншчыны, скаргаў ад мясцовых жыхароў было нямала. Людзі ўздымалі пытанні наконт кепскай якасці дарог, наяўнасці ( а дакладней, адсутнасці электрычнасці і гарачай вады), неабходнасці капітальных рамонтаў у дамах. Верагодна, скаргаў магло б быць і яшчэ болей, але тымі днямі Гарадок рыхтаваўся прымаць гасцей на Свяце беларускага пісьменства, таму пэўныя работы, асабліва ў райцэнтры, ужо былі праведзены.

Але, верагодна, цяпер дзяржаўныя СМІ перастануць даваць падрабязныя справаздачы з сустрэчаў чыноўнікаў з насельніцтвам, завяршаючы іх традыцыйным сказам пра тое, што «людзі атрымалі кампетэнтныя адказы, а найбольш вострыя пытанні ўзятыя на асобны кантроль». Паводле Ігара Брыло, трэба імкнуцца да таго, каб людзі не звярталіся са скаргамі, а найлепей – тэлефанавалі на «прамыя лініі», каб пахваліць мясцовае начальства.

Ірына Пярова