Паводле чыноўніцы, прыродны патэнцыял, існуючая інфраструктура і багатая гісторыка-культурная спадчына Браслаўшчыны дазваляюць гаварыць аб турызме як найбольш перспектыўнай галіне эканомікі рэгіёна. Але разам з тым існуе шэраг праблем, якія запавольваюць развіццё гэтай сферы.
Сярод іх - далёкае ад ідэальнай якасць дарог. «Аўтадарогі Р-27 і Р-3, якія вядуць да памежных пераходаў з Латвіяй і Літвой, па якіх вялікі паток вялікагрузных аўтамабіляў прыводзіць дарожнае палатно ў нездавальняючы стан, патрабуюць не толькі бягучага, але месцамі і капітальнага рамонту. Ёсць праблемы з дарожным пакрыццём на ўчастках, якія вядуць да славутасцяў раёна», – адзначыла Вольга Вялічка.
Паводле намесніцы старшыні Браслаўскага райвыканкама, не садзейнічае эфектыўнай рабоце сферы і праславутая сезоннасць. Справа ў тым, што ў асенне-зімовы перыяд назіраецца значнае зніжэнне зацікаўленасці ў наведванні Браслаўскага раёна турыстамі. Напрыклад, базы адпачынку нацыянальнага парку - найбуйнейшага гульца на рэгіянальным полі індустрыі адпачынку - у міжсезонне загружаны толькі на 35 - 40%.
“Для эфектыўнай стратэгіі развіцця турыстычнай галіны асабліва актуальна стаіць пытанне пашырэння рамак сезоннасці функцыянавання суб'ектаў турыстычнай сферы раёна. Згладжванне сезоннасці з'яўляецца першачарговай задачай”, - падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама.
Выйсце з сітуацыі чыноўнікі бачаць у актывізацыі работы па арганізацыі паляўнічых і рыбалоўных тураў, спартыўных мерапрыемстваў, тураў выхаднога дня з анімацыйнымі і забаўляльнымі праграмамі для карпаратыўных кліентаў і прыватных фізічных асоб, распрацоўцы і ўкараненні шырокага спектра спецыяльных святочных тураў па тыпу навагодніх.
"З мэтай комплекснага прадастаўлення турыстычных паслуг суб'ектам сферы неабходна наладзіць цеснае ўзаемадзеянне паміж сабой, актывізаваць работу па прасоўванні паслуг, максімальна ўдзельнічаць у выставах, прэзентацыях і фестывалях", - рэзюмавала Вольга Вялічка.
Мірон Курагін