Спадарыня Кузміч падзялілася з газетай сваімі ўражаннямі ад «асабістай сустрэчы з Наталляй Качанавай», хаця мелася на ўвазе сустрэча з актывам Беларускага саюзу жанчын, якая днямі прайшла ў Наваполацку. Там абмяркоўвалі, «как будет развиваться наша страна в разных сферах в ближайшем будущем. Очень лестно, что опорой государства во многих вопросах она назвала педагогов», цытуюць «Витьбичи» чыноўніцу ад адукацыі.
Таксама гарадская газета дала слова кіраўніцы пярвічнай арганізацыі ветэранаў жаночага руху Таццяне Верамей, якая таксама «в полном восторге от встречи». Пенсіянерку вельмі усцешылі словы Качанавай пра тое, што «золотое поколение», можа шмат зрабіць» в плане воспитания молодежи, сохранения самых лучших культурных, трудовых, нравственных традиций». Спадарыня Таццяна кажа, што таксама бярэ ўдзел у супольных мерапрыемствах з віцебскай моладдзю – прыкладам, у «суботніках». Жанчына сталага веку паважна называе Старшыню Савета Рэспублікі «Наталляй Іванаўнай» і дзякуе ёй за тое, што яна заўсёды думае пра будучыню беларускага народа і яго дабрабыт.
Апісваючы непасрэдна сустрэчу ў Наваполацку, газета таксама не шкадуе ўхвальных словаў на адрас Наталлі Качанавай: «Зал стоя аплодировал спикеру, благодаря за откровенные ответы, искреннюю заинтересованность к каждому озвученному вопросу, среди которых важность инклюзивного образования, будущее региональных газет, усовершенствование системы поддержи семей, воспитывающих детей-инвалидов, и многие другие».
Але чытачам (гэты матэрыял набраў усяго 843 прагляды, хаця насельніцтва Віцебска – больш за 360 тысяч чалавек) было б значна больш цікава, што непасрэдна зроблена Старшынёй Савета Рэспублікі ў згаданых накірунках. Асабліва калі гэта тычыцца Віцебшчыны, дзе ёсць праблемы і з інклюзіўнай адукцыяй, і з мясцовай прэсай, у ліку якой не засталося ніводнага недзяржаўнага грамадска-палітычнага СМІ, і з падтрымкай сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва – словам, ва ўсіх галінах, дзе «шчырую зацікаўленасць» прадэманстравала Наталля Качанава.
Ігар Карпаў