Падчас так званага Дня інфармавання гаварылі пра эканамічную бяспеку і працу арганізацый сферы культуры ў Мёрах.
Як піша мёрская раёнка “Мёрскія навіны”, Пётр Падгурскі адзначыў творчую работу арганізацый сферы культуры Мёршчыны. Аўдыторыя звярталася да яго з цікавымі пытаннямі і прапаноўвала варыянты па паляпшэнні ўмоў працы.
З просьбай аб набыцці бібліёбуса звярнуліся работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Тлумачылі яны гэта тым, што абсталяваны паліцамі і вітрынамі для кніг транспартны сродак заахвоціць да чытання, дасць магчымасць мець доступ да літаратуры чытачам з аддаленых населеных пунктаў.
А вось раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці патрэбная гукавая і светлавая апаратура. Невядома, як яны да гэтай пары былі без яе.
У дзіцячай школы мастацтваў не хапае музычных інструментаў, асабліва баянаў. На сустрэчы папрасілі разгледзіць пытанне аб іх набыцці.
Намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Вячаслаў Дурноў падчас выступу засяродзіўся на эканамічнай тэматыцы. Ён сказаў, што ключавая ўмова развіцця беларускай дзяржавы – гэта эканамічная бяспека.
“Калі эканоміка дзяржавы працуе, значыць усе сілы запушчаны. Самае вялікае багацце нашай краіны - людзі. Навукоўцы Беларусі славяцца сваімі напрацоўкамі, якія ў будучыні прынясуць высокі плён. Напрыклад, ААТ "Белвітуніфарм", чые вакцыны для жывёл карыстаюцца вялікім попытам. І такіх прадпрыемстваў шмат. Паспяховымі распрацоўкамі зроблены вялікі крок да паляпшэння нашага жыцця і будучыні. Галоўнае - захоўваць тое, што маем, і не спыняцца ў працы”, - падсумаваў Дурноў.
Адразу бачна, у якім стане знаходзіцца эканоміка Беларусі, што нават чыноўнікам няма чым асабліва пахваліцца, як толькі вакцынамі для жывёл. А якое паляпшэнне жыцця чакае беларусаў, думаю, ім і так усім вядома.
Анатоль Кузьмін