Як вынікала з паведамлення Паўла Калесніка, з эканомікай у Беларусі ўсё выдатна: яна дэманструе рост, не зважаючы на санкцыйны ціск – расце вытворчасці і прыбыткі насельніцтва, няўхільна зніжаецца інфляцыя. Беларусь актыўна наладжвае знешнеэканамічныя стасункі, гатова прадаваць на экспарт сваю прамысловую і харчовую прадукцыю.
Пасля інфармавання ўласна па тэме сустрэчы, начальнік штаба УУС Віцебскага аблвыканкама Юрый Рамановіч перайшоў да ідэалагічных пытанняў. Паводле ягоных словаў, на цяперашні момант на падставе прысудаў больш як 1700 чалавек уключаны ў спіс датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, экстрэмісцкай прызнана прадукцыя больш як
400 Telegram-каналаў і чатаў. Падпалкоўнік міліцыі паведаміў пра існаванне «13 вядучых экстрэмісцкіх рэсурсаў», аўдыторыя якіх складае звыш 3-х мільёнаў падпісчыкаў, з якімі цяпер вядзецца змагання шляхам прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Вынікі гэтай барацьбы наступныя: з кастрычніка 2021 года зафіксавана больш як 500 «адпісак» ад гэтых «асноўных экстрэімісцкіх Telegram-каналаў. А таксама «у выніку дзеянняў супрацоўнікаў ГУБАЗіК спынена дзейнасць больш як 150 дэструктыўных Telegram-каналаў і чатаў».
Нягледзячы на такія значныя здабыткі і заваёвы, міліцыянтам нельга расслабляцца, зазначыў дакладчык. Бо набліжаюцца выбары, і супрацоўнікі міліцыі абавязаны забяспечыць парадак на выбарчых участках, і ўвогуле не дапускаць «разгойдвання грамадства і яго дэстабілізацыі».
Калі меркаваць па справаздачы аб інфармацыйнай сустрэчы па справаздачы ў раённай газеце «Дняпроўскія галасы», іншыя праблемы, якія мусяць вырашаць ахоўнікі правапарадкі, закраналіся не вельмі глыбока. Літаральна адным-двума радкамі былі згаданы незаконны распаўсюд і спажыванне наркотыкаў, рост колькасці злачынстваў, звязаных з дзейнасцю ў інтэрнэце, і злачынстваў супраць полавай недатыкальнасці – у прыватнасці, павелічэнне колькасці зафіксаваных выпадкаў педафіліі.
Марыя Халадкова