Пад увагу сілавікоў ксёндз трапіў яшчэ ў 2020-м годзе: ягоныя сацыяльныя сеткі ўжо тады сталі аб“ектам пільнай увагі, што ўрэшце прывяло да адміністрацыйнай справы. У снежні 2020г. ен быў асуджаны да 10 сутак арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу 17.10 (прапаганда нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) -- за публікацыю ў сацыяльных сетках плаката мастака Ўладзіміра Цэслера. «Той факт, што публікацыя маёй антыфашысцкай работы на старонцы святара Вячаслава Барка ў сетцы Інтэрнэт расцэненая як дэманстрацыя нацысцкай сімволікі, выклікае здзіўленне, супярэчыць маёй мастацкай задуме падчас працы над творам. Для кожнага, у каго ёсць вочы, розум і сэрца, відавочная антыфашысцкая пазіцыя касцёлу», – напісаў тады Цэслер на падтрымку ксяндза Вячаслава.
Напрыканцы 2020-га года Следчы камітэт ініцыяваў праверку выказванняў ксяндза ў ягоным відэаблогу. Было прызначана 11 адмысловых экспертыз, каб вызначыць, ці няма ў відэароліках заклікаў да экстрэмізму і распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Пры гэтым святар катэгарычна адмаўляў намеры дэструктыўнага ўплыву на грамадства. І цвердзіў, што вядзе свой відэаблог дзеля папулярызацыі Божага слова і дзеля хрысціянскага і патрыятычнага выхавання сваіх землякоў.
Улетку 2021 года ксёндз Вячаслаў быў вымушаны выехаць у Польшчу ў сувязі з пераследам, якому падвяргаўся ў Беларусі. Цяпер ён кіраўнік Беларускай каталіцкай грамады ў Варшаве, якая дзейнічае пры касцёле Святога Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў.
Ларыса Рэзніковіч