Пятніца, 19 Студзень 2024

Прафсаюзы падводзяць вынікі сваёй працы і плануюць сваю дзейнасць на бягучы год

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Падчас сустрэчы прадстаўнікоў чатырох прафцэнтраў Падчас сустрэчы прадстаўнікоў чатырох прафцэнтраў

З пачатку года ў пярвічных арганізацыях Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў праходзяць справаздачна-выбарная кампанія. Функцыянеры гэтай дзяржаўнай грамадскай арганізацыі даюць справаздачу аб тым, што было зроблена ў мінулым, 2023 годзе, і дзеляцца з шараговымі членамі сваімі планамі на будучыню. Неабходна адзначыць, што ў афіцыйных прафсаюзах лічыцца больш за 400 тыс., або 95,6 працэнта работнікаў, занятых у рэгіянальнай эканоміцы, а канкурэнтныя ім недзяржаўныя прафарганізацыі ліквідаваныя ўладамі пасля выбараў кіраўніка дзяржавы ў 2020-21 годах.

Як лічыць кіраўніцтва ВААП, у грамадстве назіраецца рост аўтарытэту прафсаюзаў. Такую выснову яны робяць з таго факту, што за мінулы год аб'яднанне вырасла на 223 (ці на 8%) першасных прафсаюзных арганізацый і ў цяперашні час яно налічвае 3028 ППА. У бягучым годзе гэтая тэндэнцыя працягваецца і за першыя тыдні 2024 года ў аб'яднанне "ўлілося" яшчэ 9 пярвічак. Увесь прырост адбываецца за кошт прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці.

За кошт сяброў арганізацыі чыноўнікі ад прафсаюзу наладжваюць адносіны з рэгіянальнымі прафсаюзамі Расеі.

Так 11 па 12 студзеня ў рамках дамовы аб супрацоўніцтве прафсаюзаў Смаленскай, Віцебскай, Пскоўскай і Наўгародскай абласцей адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў чатырох прафсаюзных цэнтраў, дзе была падпісана "Праграма дзеянняў" на 2024 год.

На гэтай сустрэчы асаблівая ўвага была ўдзелена супрацоўніцтву рабочай моладзі рэгіёнаў. У сакавіку бягучага года запланавана правядзенне ў расейскім Пскове першага Міжнароднага форуму працуючай моладзі.

Дзіна Суніца