Нядзеля, 21 Студзень 2024

Віцяблян запалохваюць вайной – як інфармацыйнай, так і рэальнай

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Валяр'ян Мацкевіч Валяр'ян Мацкевіч

Мэта відавочная: пераканаць людзей, што адзіны гарант мірнага існавання – гэта Аляксандр Лукашэнка, і што толькі наяўныя ўладныя структуры могуць утрымаць Беларусь ад уцягвання ў баявыя дзеянні. Але пра небяспеку з боку «НАТА і яго саюзнікаў» трэба памятаць штохвіліны, і «кожны чалавек павінны зрабіць усё магчымае для ўзмацнення абароназдольнасці краіны». Працытаваныя словы належаць Валяр'яну Мацкевічу, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане. Абласная газета «Витебские вести» надрукавала ягонае меркаванне адносна цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Стандартны выраз «нагнятанне ваеннай істэрыі» найлепшым чынам характарызуе выказванні спадара Мацкевіча. Хаця, здавалася б, удзельнік сапраўдных вайсковых дзеянняў мусіў бы адрозніваць рэальныя пагрозы міру ад ідэалагічнай дэмагогіі...

«НАТА і яго саюзнікі спрабуюць раз'яднаць краіны былога СССр, падарваць асновы Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі», лічыць былы ўдзельнік афганскай вайны. Падобныя выразы, знаёмыя старэйшаму пакаленню з часоў «халоднай вайны», ён выкарыстоўвае, нават не заўважаючы, наколькі фальшыва і несучасна яны гучаць.

«Не спыняецца інфармацыйная вайна супраць Рэспублікі Беларусь. Краіны Захаду на чале з ЗША спрабуюць нас вучыць жыць, безапеляцыйна ўлязаючы ва ўнутраную і знешнюю палітыку нашай дзяржавы», -- заяўляе Валяр'ян Мацкевіч, не абцяжарваючы сябе пошукам хаця б адзінкавых прыкладаў да сваіх лапідарных выказванняў. Зрэшты, практыка такога пустазвонства таксама знаёмая старэйшаму пакаленню, якое памятае часы Савецкага Саюза. А пакаленню маладзейшаму слухаць і чытаць падобнае проста не цікава. І адзінае, у чым насамрэч мае рацыю спадар Мацкевіч, - гэта выснова пра тое, што «фронт вайны сёння ў галовах грамадзян». На жаль, ён упарта не прызнае, што ідэалагічныя «заклёны» не ўздзейнічаюць на разумных людзей, якія вераць таму, што бачаць самі, а не завярэнням уладаў або дзяржаўных СМІ. Аднак апошнія ўпарта «нясуць у масы» нічым не падмацаваную версію пра пагрозы Беларусі звонку і пра «выратавальную» ролю Аляксандра Лукашэнкі, які «дадае нам упэўненасці ў тым, што ў нашай краіне сілавыя структуры мэтанакіравана працуюць дзеля ўмацавання нашай дзяржаўнасці».

Віта Мартыненкава