Па-першае, схаваныя твары “герояў” відэаролікаў выклікаюць сумневы ў тым, што гэта рэальныя асобы.
Па-другое, на Віцебшчыне вядомыя выпадкі, калі за данаты людзей выклікалі ў міліцыю і Следчы камітэт, дзе настойліва раілі як мага хутчэй пералічыць пэўным установам суму грошай, якая ў дзясяткі разоў перавышае суму зробленага даната. Тады, маўляў, ёсць верагоднасць таго, што супраць іх не распачнуць крымінальную справу. Але такія абяцанні ніяк не пацвярджаюцца дакументальна: чалавек можа пералічыць грошы і ўсё адно трапіць пад следства - зараз ці пазней.
Па-трэцяе, “пакаянні” на відэа вельмі нагадваюць самаагавор: людзі кажуць пра сябе, што яны зрабілі гэта “ у сілу маладосці і няспеласці”, “нічога не разумелі ў палітыцы”, а цяпер пералічваюць грошы, каб “кампенсаваць нанесены ўрон” - каму ці чаму, так і застаецца не зразумелым.
Мэта стваральнікаў гэтай відэапрадукцыі відавочная: паказаць, што тыя, хто рабіў данаты на падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій у 2020-м годзе, людзі слабыя, без выразных ідэйных перакананняў, і што цяпер яны шчыра раскайваюцца ў зробленым і на вачох ператвараюцца ў добранадзейных грамадзянаў - прызнаюць палітычныя памылкі і ахвяруюць грошы дзіцячаму дому.
Асобна варта падкрэсліць, што ў відэароліках людзі распавядаюць пра данаты невялікія - да 20-ці даляраў. І што “кампенсацыя” за гэта склала 500 даляраў.
Праваабаронцы падлічылі, што на сённяшні дзень вядома мінімум пра 58 чалавек, якіх асудзілі за данаты па арт. 361-2 КК РБ (фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання), і агульны тэрмін зняволення для гэтых людзей склаў 185 гадоў і тры месяцы калоніі.
Андрэй Пагодзін