Панядзелак, 17 Жнівень 2026

Экс-палітвязень Аляксей Рэзнікаў распавёў пра следства і зняволенне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхар Віцебска, асуджаны ў жніўні 2022-га па 5-ці артыкулах крымінальнага кодэкса, адбыў ў зняволенні ўвесь тэрмін. А пасля гэтага пакінуў Беларусь, бо там ен практычна застаўся без сродкаў да існавання: паколькі яго ўнеслі ў “спіс тэрарыстаў”, то былі заблакаваныя яго банкаўскія рахункі, і ён не меў магчымасці нават завесці сім-карту.

38-гадовы жыхар Віцебску Аляксей Рэзнікаў да затрымання доўгі час працаваў у Расіі. Але ў канцы  2021 года мужчына вярнуўся ў родны горад, бо цяжка захварэла яго маці. 3-га студзеня яго затрымалі і  адвезлі ў Следчы камітэт. Там у яго распытвалі пра каментары ў сацыяльных сетках, якія пазней яму паставілі ў віну. Далей мужчыну змясцілі на 72 гадзіны ў СІЗА-2, пасля чаго вазілі ў пракуратуру для дачы паказання, якія запісвалі на відэа. Па будынку Аляксея вадзілі ў позе "ластаўкі" і ў кайданках, хаця афіцыйнага пастанаўлення аб затрыманні яшчэ не было.

"Я добра памятаю гэтыя чудныя допыты. Я злёгку крану гэту тэму, бо не люблю ўзгадваць. Білі мяне вельмі акуратна, каб не заставалася слядоў. ГУБАЗіК гэта рабіць умее. Гэта працягвалася агулам каля месяца. Я там пазбавіўся некалькіх зубоў. Памятаю, што ад электрашокера балюча толькі першыя два разы, далей ты набываеш імунітэт. Дубінкі не ўжывалі, працавалі рукамі, але вельмі акуратна", - распавёў Аляксей Рэзнікаў “Вясне”.

Да суда ў СІЗА Аляксей правёў каля 10 месяцаў. У выніку яго абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 

Згодна з версіяй абвінавачвання, з ліпеня 2018 года да студзеня 2022 года Рэзнікаў «з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці наўмысна размясціў і захоўваў на агульнадаступнай старонцы сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» файлы з інфармацыяй, звязанай з выказваннем станоўчага стаўлення да салдатаў калабарацыянісцкага фармавання «Беларуская краёвая абарона» і сябраў арганізацыі «РОНА», гераізацыяй нацысцкай і неанацысцкай ідэалогіі, фармаваннем станоўчага стаўлення да салдатаў Германіі ў сувязі з іх дзейнасцю ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі», «размяшчаў агульнадаступныя публікацыі для распаўсюду сярод нявызначанага кола асобаў ідэй нацызму, неанацызму, нацыяналізму, ксенафобіі і антысемітызму».

Таксама па версіі абвінавачвання са студзеня 2019 года па снежань 2021 года Рэзнікаў публікаваў на сваёй старонцы паведамленні і «рэпосты», якія ўтрымлівалі абразы Лукашэнкі. 22 студзеня 2019 года размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фотавыяву з надпісам, у якой публічна абразіў намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».11 снежня 2021 года ён размясціў у сетцы інтэрнэт для публічнага прагляду змененую графічную выяву дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, «чым здзекаваўся з дзяржаўнай сімволікі».

У зняволенні Аляксею Рэзнікаву давялося стаць сведкам  здзекам і катаванняў, жорсткае стаўленне давялося адчуць і ўласна на сабе. Беларускія ўлады прызналі яго “экстрэмістам” і “тэрарыстам”, і гэта наклала ў зняволенні шэраг дадатковых абмежаванняў.

25 лютага 2026 года Аляксей выйшаў на волю, цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін. На дарогу супрацоўнікі яму выдалі каля дзевяці рублёў. Пры гэтым квіткі на цягнік з Магілёва да Віцебска  каштуюць прыкладна 15-18 рублёў. Суразмоўца ўзгадвае, дабрацца да дому яму дапамаглі сваякі іншага палітвязня, які вызваляўся разам з ім.

Пасля вызвалення Аляксей Рэзнікаў выехаў з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.

Жанна Жалейка