Панядзелак, 23 Сакавік 2015

КДК: «БелВітуніфарм» сарваў плян рэалізацыі інвэстпраекту коштам больш за 19 мільярдаў рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

ААТ “БелВітуніфарм” сарвала плян рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту коштам больш за Br19 млрд. Пра гэта на сумесным паседжаньні калегіі Камітэту дзяржаўнага кантролю і пракуратуры Віцебскай вобласьці па пытаньні эфэктыўнасьці плянаў мадэрнізацыі і выкарыстаньня абсталяваньня паведаміла намесьніца старшыні абласнога КДК Юлія Аўхукова.

“БелВітуніфарм” не рэалізаваў праект вытворчасьці фармпрэпаратаў, які ўключаны ў пералік найважнейшых інвэстыцыйных праектаў. У яго ўкладзена больш як Br19 млрд: адрамантаваны вытворчы корпус, вялікая частка плошчаў якога цяпер пустуе, у 2010 годзе закупленая упаковачнай лінія коштам Br2,5 млрд. За гэты час яна выкарыстаная ўсяго на 2% да ўмоўнай вытворчай магутнасьці. Нарматыўны тэрмін службы лініі (7 гадоў) мінае праз два гады.

Закладзеныя ў бізнэс-пляне праекту прагнозы па аб’ёмах выпуску і збыту прадукцыі не апраўдаліся. Запазычанасьць перад Ярданскай фармацэўтычнай кампаніяй (адзін з заснавальнікаў ААТ) – Br7 млрд. З плянаваных да вытворчасьці 50 найменьняў лекавых сродкаў асвоена толькі 4. Апроч таго, спакаваныя прэпараты прададзеныя не былі, у выніку тэрмін прыдатнасьці больш за 40 тыс. упаковак скончыўся ў 2014 годзе.

Таксама ў 2010 годзе за кошт крэдыту было закупленае лябараторнае абсталяваньне коштам Br168 млн, якое з моманту набыцьця не выкарыстоўваецца. У выніку плян па ўключэньні долі дзяржуласнасьці ў гаспадарчы абарот дагэтуль ня ясны, дадала Юлія Аўхукова.

Прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасьці вэтэрынарных прэпаратаў заснаванае ў 1930 годзе як Віцебская біяфабрыка. З 2006 па 2010 год была праведзеная рэканструкцыя вытворчага комплексу, у выніку чаго фабрыка прэтэндавала на званьне адзінага прадпрыемства біялягічнай прамысловасьці ў Беларусі, якое спэцыялізуецца на выпуску складаных лячэбна-прафіляктычных і дыягнастычных прэпаратаў для патрэб вэтэрынарыі. У 2012 годзе Віцебская біяфабрыка была рэарганізаваная ў ААТ “БелВітуніфарм”.

Крыніца: БелТА