Як паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкаму, выяўлена, што на працягу 2009—2010 гадоў былы дырэктар КУП “Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму” даваў незаконныя ўказаньні падначаленым работнікам на падпісаньне актаў з завышанымі аб’ёмамі выкананых работ пры будаўніцтве базавай школы ў вёсцы Літусава Сеньненскага раёну, а таксама аб’екту “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтар “Жамчужына” Лепельскага раёну, пададзеных двума дырэктарамі таварыстваў з абмежаванай адказнасьцю.
У сваю чаргу кіраўнікі камэрцыйных структур, ведаючы, што суб’екты гаспадараньня, якімі яны кіруюць, ня маюць права атрымліваць бягучыя авансы на названыя аб’екты будаўніцтва, арганізоўвалі падрыхтоўку, складаньне і падпісаньне актаў выкананых работ з указаньнем у іх наўмысна завышанага кошту, паказваючы адпрацоўку раней атрыманых імі бягучых авансаў у двайным памеры, пасьля чаго падавалі сфальсыфікаваныя дакумэнты ў КУП “УКБ Віцебскага аблвыканкаму”. Гэтымі дзеяньнямі быў прычыненая матэрыяльная шкода ў памеры каля 1,5 мільярду рублёў.
Пры канцы 2012 году – пачатку 2013 году ў дачыненьні да службовых асоб былі распачатыя крымінальныя справы за перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Усе трое звольненыя з пасад і ўзятыя пад варту. У другой палове 2013 году расьсьледаваньне гэтых крымінальных спраў завяршылася. Разгляд спраў судом быў завершаны толькі пры канцы мінулага году.
У выніку былы дырэктар УКБ прызнаны вінаватым у наўмысным учыненьні дзеяньняў, якія яўна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула істотную страту дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, учыненых з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці. Ён асуджаны на адбываньне пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі на тры гады і шэсьць месяцаў без канфіскацыі маёмасьці з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму, з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з арганізацыйна-распарадчымі функцыямі, на тры гады.
Былыя кіраўнікі камэрцыйных структур прызнаныя вінаватымі ў дапамаганьні ў наўмысным учыненьні службовай асобай дзеяньняў, якія яўна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных ёй па службе, што пацягнула цяжкія наступствы, і асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады на той жа тэрмін. У дачыненьні да аднаго зь іх прымененая адтэрміноўка выкананьня пакараньня на два гады, другі накіраваны адбываць пакараньне ў папраўчую калёнію ўзмоцненага рэжыму.
Крыніца: БелаПАН