Пятніца, 12 Красавік 2024

Абіралу прадставілі як кіраўніка Докшыцкага раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На нечарговай трэцяй сесіі так званага Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання 10 красавіка была зацверджана кандыдатура новага старшыні Докшыцкага райвыканкама Сяргея Абіралы.

З гэтай нагоды ў Докшыцы завіталі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін, дэпутат так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Сіўко, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі.

Уручаючы Абіралу службовае пасведчанне, Аляксандр Субоцін выказаў надзею, што новы кіраўнік Докшыцкага райвыканкама паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі. Разам з тым ён падзякаваў за работу папярэдняму старшыні Алегу Кавалёнку і ўручыў яму грамату аблвыканкама.

А мясцовым жыхарам трэба толькі спадзявацца на тое, каб прозвішча новага кіраўніка раёна не супала з яго дзеяннямі і каб ён сапраўды працаваў на карысць грамадства.

Што вядома пра новага старшыню Докшыцкага райвыканкама?

Сяргей Абірала нарадзіўся ў 1973 годзе ў в. Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1994 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2015 г. - Акадэмію кіравання пры Лукашэнку.

З 1994-га працаваў на розных пасадах у сельскай гаспадарцы Докшыцкага раёна, у тым ліку старшынёй калгаса "Советская Белоруссия", дырэктарам КУСП "Гняздзілава-Агра". У 2014-2018 гадах быў першым намеснікам старшыні Докшыцкага райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. З сярэдзіны 2018 года і да гэтага часу знаходзіўся на пасадзе дырэктара сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Мнюта" Глыбоцкага раёна.

Эла Мінкіна