Панядзелак, 22 Красавік 2024

У Оршы ствараюць мурал з выявай міліцыянта, пра забойства якога дагэтуль ходзяць легенды

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Менавіта легенды, бо падзею 45-гадовай даўніны добра памятае старэйшае пакаленне аршанцаў, але ў пазнейшы час яна пачала абрастаць усё новымі версіямі. Пачаць варта з таго, што ў канцы 1970-х – пачатку 1980 -х гадоў у Оршы рэгулярна адбываліся «бойкі «раёншчыкаў» - аматарам серыяла «Слова пацана» не трэба тлумачыць, што гэта такое.

Гэтая з'ява, калі моладзь аднаго гарадскога раёна білася на смерць ( у літаральным сэнсе) з прадстаўнікамі іншага, вядомая яшчэ з 1960-х.  Ні бацькі хлопцаў- «раёншчыкаў», ні адміністрацыі навучальных установаў, ні міліцыя нічога не маглі зрабіць. Хаця прадстаўнікі апошняй «байцоў» не шкадавалі: шмат хто з аршанцаў засведчыць, што па затрыманні ў пастарунку можна было зведаць і збіццё, і спраўдныя катаванні. За гэта міліцыянтаў, мякка кажучы, не любілі. Ва ўмовах вось такога «гарадскога мікраклімата» і адбылося забойства ўчастковага Юрыя Бабкова.

«Загінуў падчас выканання службовага абавязку»

Гэтую акалічнасць заўсёды падкрэсліваюць у афіцыйных паведамленнях пра ўшанаванне памяці Юрыя Бабкова – а ў Аршанскім райаддзеле міліцыі такія мерапрыемствы праходзяць рэгулярна. Між тым, летняй ноччу 1979г. (гэта  была ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня) 29-гадовы міліцыянт вяртаўся з дзяжурства, калі звярнуў увагу на шумную кампанію моладзі. Гэта значыць, фармальна ён быў ужо не на працы, але вырашыў  падыйсці і зрабіць заўвагу хлопцам.

Да слова, гэта была не «бойка «раёншчыкаў»,  а праводзіны ў войска аднаго з маладых людзей. Хлопцы былі нецвярозыя, гучна размаўлялі, спявалі песні. Не выключана, што да боек «раён на раён» нехта з той камапаніі меў дачыненне, а таксама адыграла сваю ролю негатыўнае стаўленне да міліцыі ў моладзевым асяродку, дзе перыядычна гучалі аповеды пра здзекі падчас затрыманняў... Так ці інакш, але на Юрыя Бабкова накінуліся 11 чалавек. Адбылося гэта ў раёне Палаца культуры льнокамбіната, у памяшканні якога пазней адбываўся паказальны суд. Праз дынамікі на гарадскіх вуліцах праводзілася гукавая трансляцыя з пасяджэння, перад палацам таксама стаяў натоўп аршанцаў....

У газеце «Беларусь Сегодня» гэтае месца чамусьці называюць Цэнтральнай плошчай, хаця ў Оршы такой плошчы няма і ніколі не было. І чамусьці там не згадана, што Юрый Бабкоў у той бойцы быў не адзіным міліцыянтам – міма праходзіў ягоны калега, імя якога нідзе не згадваецца. Вядома толькі, што ён прыйшоў на дапамогу, схапіўшы першае, што трапілася пад руку – гумовы шланг. Гэтым шлангам ён наносіў удары раз'юшаным хлопцам, потым іх і «вылічылі» па характэрных доўгіх гематомах.

Прычына смерці Бабкова і няісныя «рамантычныя» падрабязнасці

Паводле той жа газеты «Беларусь Сегодня», першым на лейтэнанта міліцыі накінуўся навучэнец ПТВ №110, раней судзімы. Смяротны ўдар камнем па галаве нанес рабочы завода жалезабетонных вырабаў.  Кажуць, што гэта адбылося ў самым пачатку бойкі, але ўжо нежывога міліцыянта  працягвалі збіваць...
 

Зусім іншую версію забойства прапануе сваім слухачам аршанскі бард Уладзімір Варабей. У ягонай песні, прысвечанай Юрыю Бабкову, ёсць радок цалкам у духу «блатной рамантыкі» - «сердце офицерское нож поцеловал». Відэакліп на гэтую песню зняў аршанскі самадзейны відэааператар і рэжысер Эдуард Навагонскі, і з 2008 года версія пра забойства нажом таксама шырока разышлася па інтэрнэце.
Дарэчы, у гэтым відэакліпе выкарыстаны здымкі вуліцы ў Оршы, якой нададзена імя Юрыя Бабкова. Гэта зусім невялікая вуліца, якая йдзе перпендыкулярна праспекту Тэкстыльшчыкаў і выходзіць да маста цераз Днепр. У гэтым відэакліпе можна ўбачыць і фотаздымкі забітага міліцыянта. На некаторых з іх ён у форме матроса ваенна-марскога флота, і адзін са здымкаў, відавочна, выкарыстаны для эскіза мурала.

Ушанаванне памяці Юрыя Бабкова. Прыкрасці і загадкі

Пасмяротна Юрый Бабкоў быў уганараваны ордэнам Чырвонай зоркі. Паводле некаторых крыніц, ягонае імя было нададзена школе №12, дзе ён вучыўся. Аднак на сайце навуковай установы ніякіх згадак пра гэта няма. Што, зрэшты, ужо не здзіўляе, -- забылі ж аршанскія, і абласныя віцебскія ўлады, што школе №3 яшчэ ў 1980-я гады было прысвоена імя знакамітага пісьменніка-земляка Уладзіміра Караткевіча. І як ні ў чым не бывала, паўторна  надалі школе гэтае імя ў 2022 годзе... Магчыма, тое самае адбудзецца цяпер і з імем Юрыя Бабкова.

Што яшчэ злучае імёны пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, міліцыянта Юрыя Бабкова, а яшчэ хакеіста Руслана Салея ў адзін сэнсавы ланцужок? Тое, што муралы ў памяць пра гэтых асобаў стварае адзін мастак – Дзмітрый Талкачоў – у межах праекта пра ўшанаванне памяці выбітных асобаў горада.

Паводле «Аршанскай газеты», «для стварэння мурала выбралі найбліжэйшы да вуліцы Юрыя Бабкова дом, на сцену якога можна нанесці выяву такога фармата». Гэта тарцавая сценка жылога  пяціпавярховіка на праспекце Тэкстыльшчыкаў, дзе мала вокнаў. Вокны замінаюць успрняццю малюнка гледачамі – толькі гэтым можна патлумачыць, чаму для ўвасаблення ідэі не падышлі жылыя дамы на вуліцы, якая носіць імя забітага ў 1979г. міліцыянта.  Раённая газета паведамляе таксама, што гэта мурал з'явіцца ў горадзе «паводле ініцыятывы Міністэрства ўнутраных справаў да 80—годдзя вызвалення Беларусі ад нямацка-фашысцкіх захопнікаў». Тут – без каментароў.

Яўген Радзіеўскі