Нядзеля, 12 Май 2024

Браслаўчане сталі закладнікамі рынку жылля

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Кватэра ў гэтым горадзе амаль на 90 % даражэй раўназначнай, чым у суседніх раёнах, у тым ліку Полацкім. Як піша сайт braslav-star.by, прычына ў турыстычным статусе горада.

За кватэру ў Браславе прадаўцы ў сярэднім просяць 133 тысячы рублёў. Гэта шмат ці мала? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба прааналізаваць кошты на аналагічную нерухомасць у суседніх рэгіёнах.

У выбарку, апроч Браслава, патрапілі Верхнядзвінск, Мёры, Шаркаўшчына, Паставы, Полацак. Лічбы ўзятыя з папулярнага ў Беларусі сервісу аб'яваў.

Аналіз рынку нерухомасці паказвае, што кватэры ў Браславе каштуюць практычна ў два разы даражэй, чым такія ж у суседніх рэгіёнах.

Такім чынам, на пачатак красавіка ў Браславе на продаж было выстаўлена 12 кватэр, у Верхнядзвінску - таксама 12, Мёрах - 11, Шаркаўшчыне - 2, Паставах - 22, Полацку - 198. Часцей за ўсё прапануюцца двухпакаёвыя.

У Браславе звычайная аднапакаёвая кватэра  каштуе 114 тысяч рублёў, двухпакаёвая – 137 тыс. руб., трохпакаёвая – 155 тыс. руб. У Мёрах такі расклад выглядае наступным чынам: 58 тысяч, 61 і 81. У Паставах - 51, 70 і 101. У Верхнядзвінску - 62, 71 і 110. У Полацку - 69, 88 і 116 адпаведна. Ужо тут бачна, што кватэры ў Браславе прыкметна даражэйшыя, чым у суседніх райцэнтрах, прычым незалежна ад велічыні жылплошчы. Так, за адна- і двухпакаёвыя ў Браславе просяць амаль у два разы больш, чым за такія ж у суседніх рэгіёнах. Розніца за трохпакаёвыя менш - яны на Браслаўшчыне каштуюць больш "усяго" на 50%.

Калі ж генералізаваць лічбы яшчэ мацней, то атрымаецца, што сярэдняя кватэра ў Верхнядзвінску каштуе 81 тысячу рублёў (або $25 тысяч у эквіваленце), у Мёрах - 67 тысяч ($21 тыс.), у Паставах - 71 тыс. ($22 тыс.), у Шаркаўшчыне - 39 тыс. ($12 тыс.), у Полацку - 91 тысяча ($28 тыс.). У Браславе ж, 133 тыс. ($41 тысяча). Атрымліваецца, што кватэра ў Браславе на 90 % даражэй, чым у суседніх раёнах, у тым ліку значна буйнейшым Полацкім.

Відавочна, што высокая рынкавы кошт у дадзеным выпадку - плата за магчымасць набыць нерухомасць у курортным мястэчку, так званая "надбаўка за статус". Гэта прыемны бонус для прадаўцоў кватэр, але разам з тым у самым нявыгадным становішчы ў такой сітуацыі аказваюцца браслаўчане, якія проста хацелі б набыць жыллё ў сябе на радзіме. -  яны становяцца закладнікамі рынку, правілы на якім дыктуе попыт з боку зусім не мясцовых жыхароў.

Вядома таксама, што шмат нерухомасці на Браслаўшчыне скупілі расейцы, у якіх пакуль ёсць вялікія грошы.

Жана Лугавая