Панядзелак, 13 Май 2024

У Міёрскім раёне пачасціліся выпадкі "транспартнага ваеннага сабатажу"

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Васіль Хамёнак Васіль Хамёнак

За чатыры месяцы бягучага года ў Віцебскай вобласці судамі было разгледжана 13 адміністрацыйных спраў па артыкуле 24.40 КаАП РБ (Невыкананне ваенна-транспартнага абавязку), а мінулым годзе такіх разглядаў было толькі дзевяць. Аналіз судовых пастаноў паказаў, што рэгіянальнымі “лідзерамі” па колькасці выпадкаў "транспартнага ваеннага сабатажу" з'яўляецца прадпрыемствы Міёрскага раёна.

Сапраўды, у 2023 годзе на Міёршчыне выпадкаў невыкананне ваенна-транспартнага абавязку мясцовымі прадпрыемствамі было толькі тры, а ўжо сёлета праз раённы суд прайшло сем падобных адміністрацыйных спраў. Што характэрна - суддзі не пакаралі ўсіх парушальнікаў закона на падставе адсутнасці падзеі адміністрацыйнага правапарушэння.

Для прыкладу. Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 22 красавіка разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні да дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства "Любінава" Васіля Хамёнка.

У ходзе судовага пасяджэння было ўстаноўлена, што пры праверцы ваенкаматам ААТ "Любінава" было ўстаноўлена, што яно не гатова, ў выпадку вайны, прадаставіць войскам неабходныя транспартныя сродкі. Дырэктар не забяспечыў гатоўнасць аўтамабіляў: МАЗ 555142, УАЗ 390945 і УАЗ 31631, бо машыны па тэхнічным характарыстыкам не прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд. І віна кіраўніка складалася ў тым, што ён не арганізаваў закладку камплектаў запасных частак, шанцавой прылады і заправачнага інвентара на для аўтамабіляў.

У судовым паседжанні мужчына не прысутнічаў. Згодна з пратаколам апытання і заявы, віну прызнаў, хадайнічаў аб разглядзе справы ў яе адсутнасць.

Суддзя Яскевіч улічыла ўсе абставіны справы і пастанавіла спыніць справу Хамёнка і вызваліла яго ад адміністрацыйнай адказнасці на падставе з-за таго, што ён прызнаў факт учынення ім правапарушэння і выказаў згоду на вызваленне ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання.

Антон Музычэнка