На пасяджэнні, якое праходзіла на базе райвыканкама пры ўдзеле начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Мялешкіна, кіраўніка Ушацкага раёна Сяргея Садоўскага, чыноўнікі разгледзелі абстаноўку ў рэгіёне, прааналізавалі прычыны надзвычайных здарэнняў, гатоўнасць да купальнага сезона. Старшыня абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Аляксандр Мясаедаў адзначыў, што асаблівую ўвагу трэба надаць навучанню дзяцей правілам бяспечных паводзін на вадаёмах.
Летась у краіне ахвярамі вады сталі 367 чалавек, у тым ліку 21 дзіця, сёлета такіх фактаў – 67 і 2 адпаведна.
66 кропак масавага адпачынку грамадзян паблізу вадаёмаў прызнаны сёлета афіцыйнымі ў Віцебскай вобласці. На Ушаччыне іх 4: пляжы на возеры Вечалле і ля санаторыя “Лясныя азёры” на Должыцы, месцы для купання на Чаравэччы і ў вёсцы Турасполле на рацэ Дзіва.
Ушацкі раён – адзін з самых “водных” у паўночным рэгіёне, там налічваецца 186 азёраў. Таму, паводле намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксея Героева, менавіта па гэтых прычынах было вырашана сабрацца менавіта на Ушаччыне. Але для гэтай сустрэчы была і іншая, непрыемная нагода – у ліку раёнаў, у якіх тонуць людзі, практычна штогод фігуруе Ушацкі. Так, ужо сёлета ахвярамі вады там сталі двое грамадзян.
На пасяджэнні чыноўнікі абмеркавалі таксама ўтрыманне інтэрнатаў. Па словах першага намесніка начальніка абласнога ўпраўлення МНС Андрэя Гаўрыленкі, забеспячэнне пажарнай бяспекі на такіх аб’ектах шмат дзе не рэалізавана, пра што сведчаць ужо 4 пажары, якія адбыліся ў гэтых установах сёлета на Віцебшчыне.
Вольга Пашкевіч