Аўторак, 14 Май 2024

Якасць аказання медыцынскіх паслуг, праблемы з прыёмам да лекараў вузкай спецыяльнасці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Гэтыя ды іншыя праблемы падымалі жыхары Віцебшчыны падчас сустрэчы з міністрам аховы здароўя Аляксандрам Хаджаевым. Выязны прыём у Паставах міністр правёў на пачатку траўня.

Наколькі шмат невырашальных і балючых пытанняў у гэтай сферы сведчыць і тое, што на прыём да Хаджаева на Віцебшчыну прыехалі не толькі жыхары гэтага рэгіёну, але нават былі людзі з Берасця.

Першае пытанне, якое турбавала жыхароў Віцебшчыны, як і ўсіх астатніх, - гэта пытанне якасці медыцынскіх паслуг. Таксама людзі скардзіліся на праблемы з прыёмам у вузкіх спецыялістаў, на доўгі тэрмін чакання дыягнастычнага абследавання, на недастатковы ўзровень падрыхтаванасці мясцовага медперсаналу, былі і нязгодныя з заключэннямі медыцынскай экспертызы. Пра гэта напісаў сайт пастаўскай раёнкі postawy.by.

Паводле выдання, падобныя праблемы мелі не толькі прыватны характар, але і сістэмны, які ўказвае на сістэмныя збоі. Таксама некаторыя пытанні, якія падымаліся на прыёме грамадзян, сведчылі пра недастатковую інфармаванасць насельніцтва пра парадак аказання канкрэтных відаў спецыялізаванай меддапамогі.

Падчас свайго візіту ў Паставы міністр аховы здароўя наведаў і мясцовую лякарню. Там ён абмеркаваў з кіраўніцтвам медустановы пытанні будаўніцтва новага корпуса лякарні. Таксама Аляксандр Хаджаеў акцэнтаваў увагу на абавязковым навучанні медыцынскіх работнікаў з мэтай павышэння іх кваліфікацыі. Ён сказаў, што галоўныя лекары медустановаў павінны садзейнічаць гэтаму.

Міністра аховы здароўя таксама цікавіла пытанне дыспансерызацыі насельніцтва, як яна праходзіць у раёне і ці хапае на гэта сродкаў.

Пытанні ў сферы медыцыны і здароўя – адны з самых хвалюючых для беларусаў. Але толькі аднымі візітамі міністраў у рэгіёны набалелыя пытанні, у тым ліку недахопу медыцынскіх кадраў, а тым больш высокакваліфікаваных, не вырашыш. Трэба мяняць усю сістэму ў краіне. І каб лекары не з’язджалі ў іншыя краіны, трэба паважаць іх не толькі як працаўнікоў, але і як грамадзян сваёй краіны. Бо шматлікія медыкі з’ехалі нават не па эканамічных прычынах, а ў першую чаргу, як і іншыя беларусы, ад гвалту і здзекаў над асобай чалавека.

А пакуль дыктатарскі рэжым існуе ў Беларусі, яе грамадзянам спадзявацца на лепшае не даводзіцца, і ў сферы аховы здароўя таксама.

Ігар Зуеў