Серада, 15 Май 2024

Летась на Віцебшчыне рэалізавалі толькі чатыры інвестпраекты

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Канстанцін Чорны, Канстанцін Чорны,

У Віцебскім аблвыканкаме расказалі, што рэалізавана па праграме "Адзін раён - адзін праект" у 2023 годзе. Паводле першага намесніка старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанціна Чорнага, летась па праграме ў Віцебскай вобласці завяршылі толькі чатыры інвестпраекты.

На Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы гэта было будаўніцтва забойнага цэха. Цяпер там  будуецца новы камбікормавы цэх на 30-38 рабочых месцаў, але ўладам даводзіцца значна эканоміць.

"Асноўныя рэсурсы бройлерная птушкафабрыка накіроўвае на закуп тэхналогій. Па будоўлі стараемся мінімізаваць усе выдаткі, таму вельмі вялікі будаўнічы працэс ідзе гаспадарчым спосабам. Само прадпрыемства гэта рэалізуе. Плюс падтрымана ініцыятыва аб выкарыстанні тыпавых рашэнняў, што дае магчымасць спрашчаць сам працэс будаўніцтва. Будаўнічыя брыгады, якія існуюць на самім прадпрыемстве, таксама ўцягнутыя. Гэта значыць прадпрыемства элементарна эканоміць. Птушкафабрыка заяўляла каля 100 мільёнаў беларускіх рублёў інвестыцый у будаўніцтва забойнага цэха, а зэканоміла каля 30 мільёнаў рублёў", - кажа Канстанцін Чорны.

Таксама летась быў адкрыты комплекс па паглыбленай перапрацоўцы зношаных шын і гуматэхнічных вырабаў у Наваполацку на УП "Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў", дзе было створана каля 60 працоўных месцаў.

Трэці праект на 20 працоўных месцаў быў рэалізаваны ў Бешанковічах - вытворчасць харчовых араматызатараў. "Інвестар - прыватнік, але ён гатовы пачаць рэалізацыю праекта па выпуску цвёрдых араматызатараў, а гэта ўжо зусім іншы тэхналагічны цыкл і іншыя грошы", - дадаў Канстанцін Чорны.

Чацвёрты праект быў рэалізаваны пры дапамозе інвестараў з Расіі. Яны арганізавалі выпуск і перапрацоўку малочнай прадукцыі ў Гарадку, там была запушчана лінія мяккіх сыроў. Колькі новых рабочых месцаў было створана там, чыноўнік не паведаміў.

Калі падсумаваць, то ў Віцебскай вобласці летась рэалізавана ўсяго 4 праекты на крыху больш за 120 рабочых месцаў. Нездарма беларусы з’язджаюць па эканамічных і палітычных матывах у замежжа. Дарэчы, як агучыў нядаўна “Белстат”, колькасць беларускіх работнікаў, якія працуюць за мяжой, павялічылася на 15 працэнтаў. Праўда, большасць з іх (63%) знайшлі сабе працу ў Расіі.

Сяргей Вудзілаў