Субота, 18 Май 2024

Жыхароў Віцебшчыны масава абвяшчаюць «экстрэмістамі» напярэдадні выбараў у Каардынацыйную Раду

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У абноўленым 16 траўня «Пераліку экстрэмісцкіх арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае МУС, з'явіліся новыя суб'екты. Гэта кааліцыі і ініцыятывы, утвораныя напярэдадні выбараў у каардынацыйную раду. У пераліку асобаў, якія ў іх уваходзяць, сустракаюцца прозвішчы жыхароў Віцебшчыны, якія былі вымушаны з'ехаць за мяжу пасля падзеяў 2020 г.

Найбольшая колькасць ураджэнцаў Віцебшчыны ў складзе ініцытывы «Салідарнасць» - «Аб’яднання палітычных партый «Народная Грамада» і «Беларуская Хрысціянкая Дэмакратыя». Гэта жыхары Наваполацка Яўген Вільскі і Андрэй Зуеў, супраць якога Следчы камітэт днямі распачаў спецвытворчасць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.3 арт.130 (дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці па пракмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асобаў); ч.2 арт. 293 (навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам, пагромамі, падпаламі і знішчэннем маёмасці); ч.1 арт.361 -1(кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем); арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады ў інфармацыі, размешчанай у Інтэрнэце). Таксама ў складзе гэтай ініцыятывы згаданы незалежны журналіст Зміцер Лупач з Глыбокага, яго былая калега Алена Шабуня з Віцебска і жыхарка Віцебскага раёна, блогерка і актывістка Алена Янушкоўская, якая днямі даведалася, што яе жытло ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна будзе прададзена з аўкцыёну за нясплочаныя падаткі і штрафы.

У складзе «экстрэмісцкага фармавання пад назвай «Голас Дыяспар – Адзінства па-над Межамі!» згадваецца прозвішча Станіславы Цярэнцьевай, моладзевай актывісткі з Віцебску. 

Як мы ўжо паведамлялі, 10 траўня  у «экстрэмісцкім спісе» МУС з'явілася ініцыятыва «Еўрапейскі выбар». У яе складзе  – рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» Аляксандр Корнышаў.

Ігар Бязлюдаў