Панядзелак, 13 Май 2024

Аляксандр Корнышаў трапіў у спіс МУС як «удзельнік экстрэмісцкага фармавання»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У абноўлены 10 траўня «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ўключылі ініцыятыву «Еўрапейскі выбар».  У спісе, якія складае Міністэрства ўнутраных спраў, прыгадваюцца таксама прозвішчы прадстаўнікоў ініцыятывы, сярод якіх – рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» Аляксандр Корнышаў, які быў вымушаны ў 2020г. пакінуць Беларусь.
У замежжы Аляксандр Корнышаў разам з аднадумцамі заснаваў медыяпраект  «Навіны Варшавы», які займаецца відэаздымкамі і распавядае пра жыццё беларускай дыяспары ў польскай сталіцы.

Рашэнне пра тое, каб уключыць ініцыятыву «Еўрапейскі выбар» у «спіс экстрэмісцкіх фармаванняў», 6 траўня прыняў Камітэт дзяржбяспекі.

«Еўрапейскі выбар» - гэта кааліцыя лідэраў меркаванняў, палітыкаў і актывістаў, аб'яднаных агульнай мэтай інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую прастору», -- гаворыцца на сайце супольнасці. 24 красавіка ініцыятыва была зарэгістравана ў якасці суб'екта для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную Раду ІІІ склікання. 

Ігар Бязлюдаў