Субота, 25 Май 2024

Са сцяны дома прыватнага знікла мемарыяльная шыльда. Раённая адміністрацыя хоча пакараць гаспадара

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Мемарыяльная шыльда на доме №2 па вул. Шаўрова ў Віцебску  з'явілася 46 гадоў таму. Якраз тады было вырашана перайменаваць 2-ую Калгасную вуліцу – надаць ёй імя Аляксея Шаўрова, ураджэнца Віцебскага раёна, колішняга міністра гандлю БССР і намесніка старшыні Савета Міністраў БССР.  Паколькі гэта прыватны сектар, шыльду было вырашана прымацаваць на сцяне аднаго з дамоў у пачатку вуліцы. Сёлета, калі ідэалагічным мэйнстрымам стала прыцягненне ўвагі да падзеяў Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўныя СМІ ўспомнілі, што А.Шаўроў займаўся матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем штаба партызанскага руху.

Паводле звестак з Вікіпедыі, А.С. Шаўроў нарадзіўся ў 1906 г.  непадалёк ад Віцебска. На партале «Партызаны Беларусі» ёсць інфармацыя пра чалавека з такім самым імем і прозвішчам, але 1904 года нараджэння. Паводле дакументаў, прадстаўленых на партале, сям'я Шаўрова, на той час ужо намесніка старшыні Савета Народных Касмісараў БССР,  была эвакуіравана  ў Казань. За сваю дзейнасць у партызанскім руху Аляксей Шаўроў быў узнагароджаны двума ордэнамі і некалькімі медалямі. Пасля вайны ён зноў вярнуўся ў Мінск і працягваў кар'еру ва ўрадавых структурах.

Пасля ягонай смерці ў 1976 годзе кіраўніцтва БССР вырашыла ўшанаваць яго памяць, надаўшы імя савецкага дзяржаўнага дзеяча адной з вуліц у Віцебску. І вось, калі карэспандэнт газеты «Витьбичи» рыхтаваў артыкул для рубрыкі пра назвы віцебскіх вуліц, высветлілася, што на доме №2 па вул. Шаўрова няма мемарыяльнай шыльды.

І праз некаторы час у газеце выйшаў тэкст тое, што цяпер гаспадара гэтага дома чакае разбіральніцтва. Спачатку ў міліцыі, бо аддзел культуры гарвыканкама і ідэалагічны аддзел выканкама Кастрычніцкага раёна збіраюць матэрыялы для перадачы з раённы аддзел МУС. А потым, магчыма, і ў судзе – праўда, не ўдакладняецца, што, з кропкі гледжання заканадаўства парушыў гаспадар дома №2.

«Суд должен быть», -- сцявярджае аўтар артыкула Віталь Сянькоў, упікаючы гаспадароў дома тым, што «катэдж за высокім плотам ёсць, а шыльды няма».  Пры гэтым чытачам ніяк не тлумачаць, што ж урэшце здарылася з шыльдай: ці яе знялі наўмысна, ці яна не вытрымала выпрабавання часам і проста звалілася са сцяны. Але аўтар ужо вінаваціць насельнікаў дома, пагражаючы «вярнуцца да пытання антыпатрыятызму, абмежаванасці розуму і фанабэрыі».

Васіліса Арлова