Чацвер, 13 Чэрвень 2024

Сенненская «раёнка» апублікавала спіс найбольш «небяспечных», «экстрэмісцкіх» Telegram-каналаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

На сайце газеты  «Голас Сенненшчыны» выйшаў вялікі артыкул пра «экстрэмізм» і пра тое, якая адказнасць ( адміністрацыйная і крымінальная) прадугледжана за розныя яго праявы. Асобна аўтар, Дзмітрый Стрыжнёў, супрацоўнік Сенненскага РАУС, спыніўся на тым, якую небяспеку маюць для інтэрнэт-карыстальнікаў падпіскі на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы. Падаўшы спасыдку на «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», Стрыжнёў «ад сябе» асобна адзначыў 7 Telegram-каналаў.

У лік асабліва «небяспечных» рэсурсаў трапілі Telegram-каналы «Беларусь за МКАДом», «Зеркало Новости», «МотолькоПомоги», «Чай с малиновым вареньем», «Рудабельская паказука» ( арфаграфія аўтара захаваная). А таксама два мясцовыя паблікі - « Витебск, я гуляю! Новости Витебска» і «Live Витебск, я гуляю».

Звярнуўшы ўвагу на зусім нечаканую славу, Telegram-канал « Витебск, я гуляю! Новости Витебска» заўважыў, што сенненскай «раёнцы» таксама пагражае пакаранне паводле ч. 2 арт.19.11  за распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі». На інтэрнэт-сайце выдання можна ўбачыць фотаздымак з лагатыпам «Радыё Свабода», якое прызнана ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем», а змест сайта і афіляваных з ім сацсетак - «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

Павел Буянаў