У адказ прадстаўнікі ўладаў парыравалі: маўляў, у Гарадку існуе больш як 270 вакансій з заробкам ( у сярэднім) 1, 5 тысяч рублёў. Але ж інтэрнэт-сайты, на якіх размяшчаюць абвесткі пра вольныя працоўныя месцы, сведчаць пра іншае. У райцэнтры шукаюць людзей або на нізкакваліфікаваную працу з заробкам 400-800 рублёў, або адмыслоўцаў з вышэйшай адукацыяй, прычым плаціць заробак, большы за 1 тысячу, абяцаюць хіба што лекарам.
Не знайшлі водугуку ў мясцовых уладаў і скаргі мясцовых жыхароў на тое, што ў райцэнтры мала месцаў для адпачынку. Кіраўніцтва райвыканкама адзначыла, што ў Гарадку мала наведнікаў у рэстарацыі і кавярнях. Іншыя аб'екты, дзе можна правесці вольны час, чыноўнікі чамусьці не згадалі – калі сыходзіць з інфармацыі ў раённай газеце «Гарадоцкі веснік».
Паводле «раёнкі», удзельнікі сацыялагічнага апытання «подняли целый ряд вопросов, которые, по их мнению, нуждаются в решении: нехватка врачей, состояние дорог, неудовлетворительная работа ЖКХ и так далее». Але ніякіх канкрэтных абяцанняў на гэты конт ад мясцовых уладаў не прагучала.
Апытанне жыхароў Гарадка праводзілася ў межах праекта «Малые города». Даследаванне мае на мэце высветліць, якія праблемы існуюць у рэгіёнах і што трэба зрабіць, каб людзі не з'язджалі адтуль у пошуках лепшага жыцця.
У апытанні ўзялі ўдзел пераважна жанчыны ( звыш 85%), каля паловы апытаных працуюць у сферы адукацыі і аховы здароўя, 42,8 % апытаных – гэта людзі ад 30 да 44 гадоў, 32,9 % - ад 45 да 50 гадоў. Толькі крыху больш за 60% удзельнікаў апытання зазначылі, што маюць цвёрды намер жыць у Гарадку і далей.
Марына Поцяг