Серада, 12 Чэрвень 2024

"Калі бацькі належным чынам не выконваюць свае абавязкі, выхаваннем іх дзяцей зоймецца дзяржава"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пракурор Браслаўскага раёна Юрый Кезік выказаў такія пагрозы на адрас  бацькоў, якія, на яго думку, належным чынам не выхоўваюць сваіх дзяцей.

Пры гэтым ён згадаў, што дзяржава аказвае шматдзетным сем'ям вялізную падтрымку. Таму яно мае права і патрабаваць ад бацькоў належнага выканання іх абавязкаў па выхаванні падрастаючага пакалення. Пра гэта кіраўнік браслаўскай пракуратуры заявіў на сустрэчы з працоўным калектывам ДРБУ-142 у Браславе. Піша сайт braslav-star.by.

Ён сказаў, што шматдзетным сем'ям прадастаўлены дастаткова вялікія льготы ў плане будаўніцтва жылля, розных сацыяльных дапамог, мацярынскага капіталу ды іншыя. Таму, паводле яго слоў, дзяржава мае права патрабаваць з такіх бацькоў узаем і пэўнай адказнасці.

«Калі вы шматдзетныя і карыстаецеся ўсімі гэтымі льготамі, будзьце добрыя - належна выконвайце свае бацькоўскія абавязкі. За гэтым дзяржава і адпаведныя органы вельмі ўважліва сочаць», - сказаў пракурор. Ён звярнуў увагу, што ў практыцы абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх у раёне выпадкі аднаўлення бацькоўскіх правоў пасля іх пазбаўлення вельмі рэдкія. «Гэта вельмі складана, гэта практычна нерэальна, таму не даводзьце сітуацыю да таго моманту, калі дзяржорганы будуць змушаныя прыйсці і забраць дзяцей. Потым жа будуць спагнаны выдаткі, устаноўлены дакладны абавязак хадзіць на работу практычна без адпачынку і г.д. Таму бацькам трэба належным чынам планаваць дзяцей і тое, як іх забяспечваць, як выхоўваць і г.д. І дзяржава за гэтым паглядзіць. Паверце, паглядзіць», - адзначыў Юрый Кезік.

Пасля пракурор Браслаўшчыны дадаў, што "цацкацца" з такімі бацькамі яны не будуць.

Валянціна Асокіна