Серада, 12 Чэрвень 2024

Да дэпутата Палаты прадстаўнікоў на прыём у Дзісне прыйшлі толькі два чалавекі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пад час дэпутатскага прыёму Пад час дэпутатскага прыёму

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 Анатоль Сіўко 11 чэрвеня правёў прыём грамадзян у Мёрскім раёне. Ён праходзіў у Дзісенскім гарвыканкаме. Таксама дэпутат сустрэўся з працоўным калектывам Дзісенскага лясгаса.

На прыём да яго прыйшлі толькі два чалавекі, якіх хвалявалі транспартныя паслугі ў раёне. Да яго звярнуўся пенсіянер з Туркава, які па серадах і чацвяргах ездзіць у Наваполацк, а перасадка ў Дзісне выклікае нязручнасці. Паводле яго слоў, менавіта гэтымі днямі не працуе аўтастанцыя. У любое надвор'е даводзіцца чакаць аўтобус пад адкрытым небам. Пенсіянер прасіў перагледзець графік яе працы. Піша сайт мёрскай раёнкі mijory.by.

Як паведаміў пенсіянеру дэпутат, перанос выходных можа выклікаць пытанні ў іншых пасажыраў. У дзень па маршруце праходзіць у сярэднім па 10-12 рэйсаў, і нехта ў любым выпадку застанецца па-за справамі. Касір працуе на 0,5 стаўкі. Анатоль Сіўко прапанаваў павялічыць працягласць яго працоўнага часу. Пры неабходнасці пакідаць залу чакання адкрытай.

Чатыры гады таму ўжо была такая практыка, і яна не апраўдала сябе. Фіксаваліся факты вандалізму. Цяпер тут устаноўлены камеры відэаназірання. Піша мясцовая раёнка «Мёрскія навіны».

Другі заяўнік прасіў змяніць графік руху прыгараднага аўтобуса. Калісьці ягоны маршрут пралягаў праз Дзісенскі мост. Пасля бягучага рамонту ў 2012 годзе збудаванне закрылі для руху вялікагрузнага транспарту.

Старшыня гарсавета растлумачыў: у 2020-м з улікам запытаў насельніцтва быў адкрыты тэставы маршрут. Аўтобус давозіў пасажыраў да моста, разварочваўся і працягваў свой шлях. Маніторынг цягам двух-трох месяцаў паказаў, што ён не карыстаўся попытам. Дэпутат даў даручэнне вывучыць транспартныя зносіны паміж пасёлкам Асцевічы і Дзісной.

Пазней Анатоль Сіўко сустрэўся з працоўным калектывам Дзісенскага лясгаса, дзе, як і ўсе чыноўнікі ў сваіх выступах перад рабочымі калектывамі, асвятляў тэму Усебеларускага народнага сходу, якая мала цікавіць простых людзей.

Работнікаў лесу Дзісненшчыны цікавілі больш надзённыя пытанні іх працы і жыцця, у тым ліку цяжкасці ў Дзісне з адпампоўкай каналізацыі. Было прапанаванае наступнае рашэнне праблемы - фармаванне агульнай заяўкі з суседзямі, калі паслуга спатрэбіцца не аднаму, а адразу некалькім гаспадарам прыватных дамоў. І філіялу «Наваполацкводаканал» будзе прасцей выдзяліць машыну на калектыўны запыт.

Алена Шчукіна